12 мая ў санктуарыі Гродзенскай дыяцэзіі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях адбылося падвядзенне вынікаў конкурсу творчых прац у гонар Маці Божай Тракельскай. Мерапрыемства пачалося святой Імшой, якую ў інтэнцыі ўдзельнікаў конкурсу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
На малітве сабраліся ўдзельнікі конкурсу і шматлікія вернікі тракельскай парафіі, якія ў чарговы раз прысвяцілі сваё жыццё Маці Божай, просячы аб Божай ласцы для таго, каб штодзённа крочыць праз жыццё.
Пасля Імшы кожны з удзельнікаў конкурсу прадставіў сваю працу. Гэта былі больш за 30 вершаў i песень, шмат малюнкаў i відэаролікаў, успамінаў з пілігрымкі і іншых творчых прац. Усе яны былі прысвечаны тэме “Маці Божая Тракельская, вядзі нас за сабой”. Працы падрыхтавалі вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі. Удзельнічалі ў конкурсе людзі рознага ўзросту, аматары паэзіі і прафесіяналы, свецкія і духоўныя асобы.
У сваіх вершах удзельнікі дзяліліся перажываннем сваёй веры або апавядалі пра навяртанне, якім удзячныя Маці Божай.
Як адзначыў у сваім слове біскуп Аляксандр Кашкевіч, “гэты конкурс з’яднаў людзей з сэрцамі, чулымі на дабро, прыгажосць, а таксама вялікую любоў да Найсвяцейшай Маці”. “Кожнае сэрца мае сваю гісторыю, якой прагне дзяліцца з кожным сустрэтым чалавекам”, – дадаў іерарх.
Біскуп падзякаваў кусташу санктуарыя кс. Юрыю Бяганскаму за гэтую каштоўную ініцыятыву, якая, па словах іерарха, паспрыяе развіццю культу Маці Божай Тракельскай і ўзрастанню веры ў людзях.
Журы было вельмі складана вызначыць найлепшыя працы. Кожная з іх была вельмі прыгожай, бо ўтрымлівала асабістыя перажыванні кожнага чалавека і вельмі часта – яго шлях да Пана.
Прапануем пазнаёміцца з некаторымі вершамі, якія былі прадстаўлены на конкурс.
Мілыя вёсачкі роднага краю!
Мілыя вёсачкі роднага краю:
Нецеч, Жырмуны, Тракелі
Паміж палёў разлягліся і гаяў,
Толькі крыху пастарэлі.
Спадчына продкаў-бацькоў – гэта храмы,
Гонар радзімага краю.
Кожны – каштоўнасць з гісторыяй-драмай,
Я ж да Тракель запрашаю.
Ціхая вёска. Абок – шлях на Вільна
Помніць часы Ягелонаў.
Просты касцёл, не пампезны, не стыльны,
Скарбам вядомы – іконай.
Бачым Мадонну, трымае Дзіцятка,
Позірк ласкава-ўлюбены.
Побач – святы Казімір каля Маткі
Хіліцца ў нізкім паклоне.
Смуткі стагоддзяў і войн ліхалецці,
Ворагаў-шведаў навалы…
Колькі падзей пражыла ў гэтым свеце,
З вогнішчаў, пеплу паўстала.
Люду Заступніца і Пацяшыцелька
Маеш ўладарства кароны.
Ззяеш у хвале Айца Небажыцелька
З Сынам каханым на троне.
Розныя вобразы Божае Маці
Ёсць амаль ў кожным касцеле…
Я запрашаю вас, сёстры і браця,
На пілігрымку ў Тракелі.
(Ганна Міцкевіч, 60 гадоў, г. Ліда)
Маёй Тракеляначцы
Прыйшлі здалёк мы да Цябе з паклонам,
Прыйшлі мы, каб сказаць Табе: „Хвала!”
Тракельская Мадонна сэрца кожнага,
Марыя – Тракеляначка мая!
Вітае Дух Твой, Божа, над Тракелямі,
Любоўю напаўняецца зямля.
І сэрца кожнае Табе яскрава моліцца,
Марыя – Тракеляначка мая!
І просіць сэрца: „Маці Божая!
Вучы нас праслаўляць Хрыста Імя,
Вядзі нас па жыцці, тулі да Сына,
Марыя – Тракеляначка мая!”
І моліць сэрца: „Беларусь радзімую
Ратуй ад бездухоўнасці і зла,
І ахінай любоўю і пяшчотай,
Марыя – Тракеляначка мая!”
І сэрца ведае, калі ад гора,
Застогне наша родная зямля,
Нам Абаронцай будзе і Апорай
Марыя – Тракеляначка мая!
Хай стане так! Для любай Беларусі
Святыняй будзь заўжды, тракельская зямля!
Вядзі сюды нас, Зорачка Агністая,
Марыя – Тракеляначка мая!
(Генрыка Сянько, 57 гадоў, г. Ліда)
Пілігрымка да Маці Божай Тракельскай
Я першы раз ішла ў Тракелі,
А свет здаваўся шэры-шэры.
Бо я не мела ў сэрцы веры,
Граху там панавала цемра.
Святлом сваім Марыя асвяціла,
З любоўю матчынай пяшчотна прытуліла,
Агеньчык веры ў сэрцы запаліла
І лёд граху рашуча растапіла.
І першы раз, тады, у Тракелях,
Адчула я, што свет не шэры:
Іначай мне свяціла сонца,
Была я шчасліва бясконца!
Праз год я зноў ішла ў Тракелі
З даверам, з радасцю, з надзеяй.
Бо Маці клікала, Марыя,
Вяла мяне да свайго Сына.
Той ночы не забыць чування:
З Марыяй цёплае спатканне,
Малітвы дзіўнае гучанне:
І шчасце з Богам паяднання…
Я шмат разоў ішла ў Тракелі.
Марыя ўзмацняла веру
І цуд вялікі ўчыняла:
Яна мяне з Хрыстом яднала.
Тракелі, любыя Тракелі!
Адсюль вядуць на неба “дзверы”.
Тут сэрца радасна спявае,
Душа ад шчасця замірае...
Люблю я зноў сюды вяртацца,
З Марыяй сам-насам застацца:
Сваё Ёй сэрца адкрываю,
Жыццё і душу давяраю.
Без Маці Божай я сумую,
Сабе ўжо месца не знайду я.
І клічуць зноў мяне Тракелі,
І шчасцю адчыняюць “дзверы”!
(Ганна Грышкевіч, 49 гадоў, г. Ваўкавыск)
Тракельская Пані!
У тракельскім касцёле
Абраз ёсць цудоўны.
Там Божая Маці Сыночка трымае,
А побач – князь святы Казімір
Прад Ёю калені схіляе.
Плашч срэбна-блакітны
Яе стан пакрывае,
Якім Яна ўсіх
Да сябе прыгарняе.
А на галаве ззяе карона папежская,
І гэта – цудоўная наша Маці Тракельская.
Праходзяць стагоддзі адно за другімі,
Змяняюцца людзі і пакаленні,
А Ты ўсё такая ж:
Твой твар задуменны,
Паглядаеш сваёй верай і любоўю
А ў душы людскія ўсяляеш
І кожнаму долі шчаслівай жадаеш.
О, Маці, Тракельская Божая Маці!
Да Цябе я прыходжу
Ратунку, дапамогі шукаці,
Хвілінамі шчасця з Табою дзялюся,
Апекі Тваёй я заўсёды прашуся.
А Ты мяне чуеш,
Да сябе прытуляеш
І ў маё сэрца
Святло праліваеш.
І з гэтым запаленым ў сэрцы святлом,
Тракельская Божая Маці,
Вядзі нас за сабой,
І вучы, як жыць трэба,
Каб яны не зблудзілі ў дарозе да неба!
(Ганна Юдзіна, 64 гады, в. Тракелі)
Kс. Юрый Марціновіч