8 мая, у літургічны ўспамін св. Станіслава, біскупа і мучаніка, яго рэліквіі былі ўнесены ў капліцу ў Каробчыцах (дэканат Гродна-Захад).
Рэліквіі апекуна гэтай парафіяльнай супольнасці былі ўрачыста перададзены біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам у дзень парафіяльнага адпусту. Іерарх узначаліў святую Імшу, якую цэлебраваў у інтэнцыі ўсёй парафіяльнай супольнасці, што ўжо некалькі гадоў будуе сваю святыню ў гонар св. Максімільяна Кольбэ і св. Станіслава, біскупа.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў надзею, што прысутнасць св. Станіслава ў яго рэліквіях паспрыяе яшчэ большаму культу, а таксама частаму звяртанню вернікаў да свайго заступніка, каб ён прасіў для іх патрэбныя дары ў Бога. Як адзначыў іерарх, гэтай дапамогі святога патрабуе маладая парафія, найбольшым жаданнем якой, безумоўна, з’яўляецца як мага хутчэй пабудаваць уласны касцёл. “Перакананы, што ў гэтым жаданні ўзвядзення вашай святыні вам будзе дапамагаць св. Станіслаў”, – сказаў біскуп.
Пробашч парафіі, дэкан дэканату Гродна-Захад кс. Ян Рушніцкі на заканчэнне ўрачыстасці падзякаваў іерарху за тое, што ён памаліўся разам з парафіянамі і дадаў ім адвагі, каб яны без страху працягвалі будаваць жывую супольнасць сярод вернікаў і ўзводзіць сцены святыні.
Падчас Імшы група вернікаў была ўзбагачана сямю дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі.
Kс. Юрый Марціновіч