5 мая жанчыны з Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў са Смаргоні разам з духоўным кіраўніком с. Веранікай Блізнюк FMA наведалі парафію Найсвяцейшай Тройцы ў Войстаме (Смаргонскі дэканат) для духоўнай падрыхтоўкі да свята Марыі Успамогі Хрысціянаў.
Распачалася сустрэча канферэнцыяй, якую правёў для членаў ADMA пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Уладзіслаў Сурвіла. Святар прапанаваў жанчынам паразважаць на тэму “Касцёл у жыцці веруючага чалавека”. Шмат важных пытанняў было закранута падчас канферэнцыі: што такое Касцёл, каго ў Касцёле трэба слухаць, як неабходна адносіцца да Касцёла, хто ў Касцёле самы важны. Асаблівым чынам святар звярнуў увагу на “вартасць кожнага чалавека ў Касцёле, каштоўнасць кожнага ў вачах Езуса Хрыста”.
Затым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой жанчыны самі ставілі для сябе пытанні і ў малітве шукалі адказы на іх: для чаго я ўступіла ў Асацыяцыю, ці сапраўдныя матывы майго прабывання ў групе, чаго чакаю ад Марыі Успамогі Хрысціянаў, ці цікаўлюся тым, чаго чакае Марыя ад мяне.
Рэнато Валера, старшыня першаснай ADMA у Турыне, ў інтэрв’ю з нагоды 150-годдзя яе ўтварэння сказаў так: “Я ўступіў ў Асацыяцыю прыхільнікаў Марыі Успамогі Хрысціянаў для таго, каб выказаць Ёй падзяку”. Так і члены ADMA з Беларусі дзякавалі сваёй Нябеснай Маці за цэлы год прабывання побач з Ёй, а таксама за новых членаў, якія рыхтуюцца даць абяцанні і ўступіць у Асацыяцыю ў бліжэйшыя дні – на свята Марыі Успамогі Хрысціянаў. У гэтай інтэнцыі кс. Сурвіла цэлебраваў святую Імшу.
У гамілііі пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы звярнуў увагу жанчын на словы Евангелля: “Кажа ім Езус: Дзеці, ці маеце чаго з’есці? Яны адказалі Яму: Не. А Ён сказаў ім: Закіньце сетку з правага боку чаўна і знойдзеце. Яны закінулі і не маглі ўжо выцягнуць яе з-за мноства рыбы”. Вельмі часта, як было адзначана, чалавек самастойна прымае рашэнні, самастойна нешта робіць, але сапраўднае можна здзейсніць толькі з дапамогай Езуса Хрыста. Бог ёсць і сёння, Ён жадае нам дапамагчы, але Ён шануе свабодную волю чалавека. Чалавек, калі шукае Бога, знаходзіць час на малітву, на разважанне, на самааналіз.
18 красавіка 1869 года святы ксёндз Боско заснаваў Асацыяцыю Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне для таго, каб падтрымліваць веру простых людзей, узмацніць любоў да Езуса ў Эўхарыстыі і адданасць Багародзіцы пад тытулам Успамога Хрысціянаў.
Асацыяцыя, створаная 150 гадоў таму, жыве і дзейнічае і цяпер. Але нашы дні адрозніваюцца ад дзён XIX веку. Сёння мы перажываем дні інтэрнэту, дні хуткасці, дні грошай, дні мітусні, дні, у якія цяжка знайсці час на рэальную сустрэчу з рэальным чалавекам, на рэальную сустрэчу з Богам і Яго Найсвяцейшай Маці… Але і сёння Маці жыве побач, і неабходна знаходзіць час на малітву, на разважанне, на рэфлексію.
Сустрэча завяршылася традыцыйнай супольнай вячэрай, жартамі, цёплымі пажаданнямі і цвёрдым намерам сустракацца як мага часцей дзеля таго, каб сваім жыццём, учынкамі, служэннем разам вучыцца праслаўляць Марыю Успамогу Хрысціянаў.
Наталля Субко, старшыня ADMA са Смаргоні