У далёкім 2010 годзе адбыліся мае першыя Дыяцэзіяльныя дні моладзі, пасля якіх многія сказалі сабе: "Гэта не апошні раз". Шмат чаго змянілася за 10 гадоў, але праграма тая ж: як заўседы тры дні, увечары канцэрт (і абавязкова дождж на адным з іх!). На другі дзень "Катэхэза ў катэхэзе", галоўная Імша, адарацыя...
Арганізацыя сёння больш сучасная.
Калісьці была драўляная сцэна, такая цесная, што тыя, хто выступалі на ёй, не маглі там памясціцца.
А цяпер яна прасторная - рабі, што хочаш. Не было крутых гаджэтаў, адзін цыфравы фоцік на ўсю парафіяльную супольнасць, і здымкі трэба было шукаць "укантакце" або пераносіць на флэшку. Сёння жа кожны мае фотаапарат, а па хэштэгах можна знайсці любы здымак. З'явілася нават своеасаблівая фотазона. Змяніліся і твары - кожны год новыя ўдзельнікі, але на мой погляд, іх, на жаль, усё менш. Сёлета ў апошні дзень выступіў гурт "АVE", праспяваўшы песню, якая гучала ў Шчучыне ў 2010 годзе - нахлынулі ўспаміны... Дарэчы, ні разу не спатрэбіліся талерка, лыжка, кубак. Хоць штогод у анонсе ДДМ адзначаюць, што неабходна мець гэты набор пры сабе.
Шчучын, 2010
Айцы піяры, як і 9 год назад, справіліся з роляй гаспадароў выдатна! Такі паспяховы вынік лічу плёнам добрай працы з парафіянамі і моладдзю, якія ахвяравалі свой час і сілы, каб усё было на вышыні. Адным словам - малайцы!
Цешуся, што паехала тады, у 2010 годзе, на першыя мае ДДМ менавіта ў Шчучын.
Маю шмат добрых успамінаў, шмат фота, гледзячы на якія, на твары з'яўляецца ўсмешка. Хоць прызнаюся, што самыя запамінальныя ДДМ для мяне адбыліся ў Смаргоні. Падрыхтоўка да iх была маштабная, уласнаручна малявалі парафіяльныя кашулi. Памятаю, як мы ехалі туды на цягніку ўсе разам - усёй Гродзенскай дыяцэзіяй. Як ніколі можна было адчуць адінства! І моладзі было больш, чым у другія гады. Весела, актыўна, пабожна, з малітвамі і адарацыяй. У Смаргоні ў 2015 годзе пачаў дзейнічаць "Рух чыстых сэрцаў", куды мог уступіць кожны жадаючы. Рух дзейнічае па сённяшні дзень і штогод з'яўляюцца новыя жадаючыя далучыцца да яго.
Смаргонь, 2015
За мінулыя гады шмат чаго было цікавага, новага, смешнага... Аднойчы з-за дажджу ў Навагрудку ўпала надзімная сцэна:) Заўсёды вельмі ўтульна на адарацыях, адчувацца прысутнасць Бога. Вельмі цікава і па-сямейнаму цёпла ў дамах людзей, якія бяруць на начлег моладзь. Дарэчы, у мінулым годзе я мела гонар прымаць у сябе дзяўчат з Ліды.
Падсумоўваючы, дадам, што хочацца, каб арганізатары крыху змянілі праграму. Няхай у наступным годзе моладзь, якая патрабуе развіцця і духоўнага ўзрастання, убачыць і пазнае штосьці новае і цікавае!
Шчучын, дзякуй за прыём і гасціннасць, усё было добра! Хвала Хрысту, з Богам!
Вольга Сяліцкая