7 мая, на заканчэнне другога дня Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія праходзяць у Шчучыне, маладыя людзі трывалі перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам.
Адарацыя дапамагала моладзі ўсвядоміць, што грэх нішчыць чалавека і аддаляе ад Бога. Тады чалавек становіцца пустым і зняважаным, мае патрэбу ў Божай дапамозе, якую дае Пан Бог у сакрамэнце пакаяння.
Гэта быў асаблівы час, каб у цішыні на малітве перажыць хвіліны з Богам, які для чалавека павінен стаць усім. Гэта быў таксама час, каб рашыцца на адважны крок – прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Падчас адарацыі святары сталі распарадчыкамі Божай міласэрнасці. У імя самога Хрыста яны ўдзялялі адпушчэнне грахоў маладым людзям, якія захацелі ачысціць свае сэрцы і прыняць канкрэтную пастанову выпраўлення.
На заканчэнне дня моладзь прыняла ўдзел у канцэрце музычнага гурта душпастырствa студэнтаў і старэйшай моладзі “OPEN”. На спакойную ноч, ужо апошнюю ў Шчучыне, моладзь атрымала благаслаўленне.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч