6 мая пры парафіі Св. Тэрэзы Авільскай у Шчучыне распачаліся Дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У сустрэчы ўдзельнічае больш за 1000 чалавек з розных парафій дыяцэзіі, а таксама прадстаўнікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Убачыць столькі моладзі, якая пакінула свае штодзённыя справы і сабралася з адной мэтай – каб славіць свайго Бога і вучыцца служэнню ў Найсвяцейшай Панны Марыі, – сапраўдная радасць.
Радасныя твары, энергія і энтузіязм, дух еднасці і вялікае прагненне Бога – усё гэта кажа аб тым, што бліжэйшыя дні сапраўды будуць выключнымі. Сведкамі гэтага стануць жыхары гасціннага горада Шчучын, які быў адпаведна падрыхтаваны да гэтай падзеі.
Маладым людзям спадарожнічаюць іх душпастыры, сёстры законныя і катэхеты, якія разам з імі будуць праводзіць гэтыя веснавыя дні.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі сканцэнтруюць увагу на яе дэвізе: “Па прыкладу Марыі буду служыць Пану”. Гэтыя словы звязаны з дэвізам Сусветных дзён моладзі, якія ў студзені адбыліся ў Панаме: “Вось я, слуга Пана, няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38).
Удзельнікі будуць углядацца ў прыклад Марыі, якая аб’яўляецца як пакорная слуга Пана, што дасканала рэалізуе план, падрыхтаваны Ёй Богам.
Мэта арганізатараў мерапрыемства – дапамагчы маладым людзям усвядоміць, што служэнне не азначае прыгнечанасці, знявольвання ці абмежавання свабоды, а з’яўляецца спаўненнем Божай волі.
Як адзначае душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі і арганізатар сустрэчы кс. канонік Антоні Грэмза, “хрысціянін у паўнаце рэалізуе сваё жыццё толькі тады, калі па прыкладзе Марыі навучыцца служыць Пану Богу і іншым людзям”. Святар дадае, што чалавек ніколі не будзе шчаслівы, калі не будзе бачыць патрэбы служэння Богу ўсім сваім жыццём і будзе закрывацца на патрэбы іншых.
“Марыя паказвае нам, што варта служыць. Паказвае, што з гэтага служэнне належыць чэрпаць радасць і сілы. Да служэння быў пакліканы кожны чалавек”, – дадае кс. Грэмза. Па яго словах, чалавек знойдзе сэнс свайго жыцця толькі тады, калі навучыцца служыць Богу і бліжнім.
У ходзе сустрэчы адбудзецца праца ў групах, дзе моладзь будзе разважаць над рэалізацыяй свайго жыцця праз місійнае служэнне, дабрачыннасць, жыццё ў святарстве, законнае ці сямейнае, а таксама праз служэнне ў каталіцкіх СМІ, евангелізацыйнае служэнне, парафіяльнае служэнне, музычнае служэнне.
Акрамя гэтага, запланавана вельмі багатая праграма, плён якой залежыць ад кожнага ўдзельніка сустрэчы, яго вялікай зацікаўленасці i адкрытасці на дзеянне Божай ласкі.
Напэўна, гэта будзе выключны час адважнага сведчання сваёй веры і прыналежнасці да вялікай сям’і Божых дзяцей. Гэта будзе таксама вялікае свята маладых людзей, якіх яднае Пан Бог, якому яны хочуць даверыць сваё жыццё i служыць усім сваім сэрцам.
Няхай гэты час, які маладыя людзі правядуць разам у Шчучыне, прынясе плён Божай ласкі ў іх жыцці!
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч