У чарговы раз у першую нядзелю мая ў Гродзенскай дыяцэзіі прайшоў Дзень маці. У гэты дзень ва ўсіх касцёлах і капліцах дыяцэціі моляцца за маці – тых, хто перадае жыццё і веру наступным пакаленням.
Галоўныя святкаванні сёлета адбыліся 5 мая ў санктуарыі Маці Божай Яснагорскай Цярпліва Слухаючай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Тут маліліся ў інтэнцыі ўсіх маці дыяцэзіі, для жывых аб Божым благаслаўленні, а для памерлых аб вечным жыцці ў небе. Маліліся таксама аб святасці маці і сіле, якая паходзіць ад Бога, для кожнай каталіцкай сям’і.
Усіх, хто прыбыў у санктуарый, прывітаў яго кусташ кс. Міхал Ластоўскі. Прысутныя выслухалі канферэнцыю пра ролю маці ў грамадстве і сям’і, а затым прынялі ўдзел у Крыжовым шляху вакол святыні.
Урачыстую святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх маці Гродзенскай дыяцэзіі ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі ён адзначыў, што ў той час, калі ўсё абуджаецца вясной да жыцця, вернікі ва ўсім свеце скіроўваюць свае думкі і сэрцы да Найсвяцейшай Панны Марыі, звяртаючыся да Яе заклікамі Ларэтанскай літаніі.
“Больш за тысячу гадоў, з таго часу, як святло хрысціянскай веры асвятліла нашу зямлю, мы прызвычаіліся ва ўсіх цяжкасцях, у цярпеннях і нягодах, у змаганнях са злом і грахом, з шатанам і ўласнымі слабасцямі прыбягаць да Марыі, у Яе шукаць дапамогі і суцяшэння, ратунку і апекі”, – дадаў іерарх.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне заўважыў, што Марыя была дадзена чалавецтву ў запавеце пад Крыжам і “з таго часу прабывае ў нас, у нашых любячых сэрцах, прысутнічае ў нашай гісторыі і культуры, у традыцыі і народнай пабожнасці”. Яна “хоча нас слухаць, хоча з намі размаўляць, хоча нас рабіць шчаслівымі, просячы ў свайго Сына патрэбных для нас ласкаў”, – сказаў іерарх.
Звяртаючыся да маці, біскуп падкрэсліў, што мацярынства – найвялікшы і найпрыгажэйшы ў гэтым свеце дар, які чалавек можа атрымаць ад Бога.
“Маці – гэта першая асоба, якую мы сустракаем на шляху нашага жыцця. З самага пачатку яна клапоціцца пра наша існаванне, нашу будучыню. Заўсёды разам – маці і дзіця. Яна – поўная непакою і страху, поўная цеплыні і сардэчных жэстаў, адданая без рэшты свайму вялікаму скарбу, даючы яму сваю любоў, час, сілу і сэрца”, – разважаў іерарх.
Па словах біскупа, усім, што чалавек мае найкаштоўнейшага ў сваёй асобе, ён павінен быць удзячным сваёй маці, бо яна з самага пачатку вядзе сваё дзіця да Бога, нават без слоў, проста сэрцам, таму што ў мацярынскай любові дзіця з першай хвіліны жыцця адчувае любоў Бога. “Любоў маці – найпрыгажэйшае і найвярнейшае адлюстраванне Божай любові”, – адзначыў іерарх.
Біскуп падзякаваў усім мамам дыяцэзіі за сэрцы, поўныя любові і дабрыні, вочы, заўсёды любячыя, спрацаваныя рукі і бязмежную любоў.
Маці, напоўненыя ў малітве Божай энергіяй і ўмацаваныя ў веры, пакідалі санктуарый, поўныя надзеі на лепшае заўтра. Яны даверылі свае сем’і, радасці і смутак найлепшай Маці, якая абдымае сэрцам кожнага.
Kс. Юрый Марціновіч