1 мая, ва ўспамін Святога Юзафа, рамесніка, у парафіі св. Сымона і Юды Тадэвуша ў Лаздунах адбылося асвячэнне новага крыжа. Ён быў усталяваны дзякуючы намаганням парафіян у вёсцы Даўнары. Гэта ўжо чацвёрты крыж, які быў асвечаны пробашчам Андрэем Бураком за час яго святарскай паслугі ў парафіі.
Пасля асвячэння святар разам з вернікамі правялі маёвае набажэнства. Прасілі Маці Божую аб усіх патрэбных ласках для сябе і ўсёй парафіі. “Няхай кожны, хто праходзіць або праязджае каля гэтага крыжа, спыніцца на хвілінку, падыме свае вочы, засяродзіцца і з верай скажа «Амэн». Гэтая кароценькая малітва будзе выразам вялікай павагі да крыжа Хрыста”, - адзначыў кс. Андрэй.
Святар таксама заклікаў не пакідаць каля крыжа штучныя кветкі і пахавальныя вянкі падчас пахавальнай працэсіі. Ён прапанаваў, каб маладыя сужэнцы пасля прыняцця сакраманту шлюбу прыносілі на гэтае месца жывыя кветкі ў знак пашаны і падзякі.
“Крыж – гэта знак нашага збаўлення. Бог з’яўляецца жывым”, - дадаў святар.
Святы Айцец заўсёды просіць аб малітве ў яго інтэнцыіі, роўным чынам і ксёндз пробашч на заканчэнне набажэнства папрасіў сваіх парафіян маліцца за яго і ва ўсіх інтэнцыях Лаздунскай парафіі.
Пасля бласлаўлення вернікі вярнуліся дадому, каб з верай несці крыж сваіх штодзённых клопатаў і абавязкаў.
Тэкст: кс. Андрэй Бурак
Фота: Максім Авіжыч