2 мая святары і сёстры законныя, якія служаць на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся ў Гродне на сваім традыцыйным дні духоўных сустрэч. Прысутныя выслухалі канферэнцыі, удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і паяднання.
Сустрэча завяршылася святой Імшой у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Духоўныя асобы і свецкія вернікі асаблівым чынам маліліся за свайго ардынарыя, які ў гэты дзень адзначаў імяніны.
Гамілію прамовіў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, разважаючы ў ёй пра Найсвяцейшую Панну Марыю, якая аб’яўляецца як найлепшая Маці і Каралева.
Іерарх адзначыў, што Марыя нястомна “спяшаецца, як абяцала пад крыжам, каб ратаваць і суцяшаць, дапамагаць і бараніць, абдымаць і тлумачыць, каб быць правадніцай веры ва Уваскрасенне Яе Сына Езуса Хрыста”.
Біскуп падкрэсліў, што “Марыя прыходзіць і нагадвае, ідзе да сваіх дзяцей, каб прывесці іх да Сына”, “просіць аб навяртанні і з’яднанні пад сцягам яе Сына”, “папярэджвае і асцерагае, каб не адмаўляліся так лёгка ад Запавету Хрыста”.
Звяртаючыся да гродзенскага ардынарыя і ўсіх святароў, якія падчас хросту атрымалі імя Аляксандр, біскуп Станеўскі жадаў, каб Найсвяцейшая Панна Марыя, Каралева, падтрымлівала іх “у абароне хрысціянскай веры і маральнасці, каб народ не загінуў, каб не шукаў лёгкасці і выключна свайго, а настойліва трымаўся Божага закону”.
На заканчэнне Імшы віншаванні свайму біскупу выказалі ад імя святароў кс. прэлат Вітольд Лазавіцкі, ад імя законных сясцёр – с. Эўхарыя Гульбуй CMBB, а таксама прадстаўнікі Вышэйшай духоўнай семінарыі і Тэалагічнага каледжа імя св. Казіміра. Са словамі цёплых пажаданняў звярнуліся і прадстаўнікі літоўскай супольнасці.
Біскуп Кашкевіч падзякаваў усім за дар супольнай малітвы і за добрыя словы, адрасаваныя яму.
“У гэты дзень я ўсведамляю, што павінен яшчэ шмат выканаць. І перакананы, што дзякуючы вашай малітоўнай падтрымцы змагу годна спаўняць далей Божую волю”, – дадаў іерарх.
Біскуп прасіў прысутных не стамляцца ў гэтай малітве, бо кожны чалавек мае патрэбу ў малітоўнай падтрымцы, каб рэалізаваць заданне, даручанае яму Богам.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык