1 мая лідская парафіяльная супольнасць Св. Юзафа, рамесніка, і благаслаўлёных сясцёр-мучаніц з Навагрудка адзначыла адпустовую ўрачыстасць. Парафія яшчэ не мае сваёй святыні, таму свята адбылося на свежым паветры.
Ужо з самага ранку вернікі рыхтаваліся да вялікага парафіяльнага свята. Яны рыхтавалі месца пад крыжам, упрыгожвалі алтар кветкамі, парафіяльны хор і моладзь рыхтавалі спеў і літургію. Парафіяне хваляваліся, бо арганізацыя адпусту – вельмі хвалюючая справа, але адначасова былі шчаслівыя з таго, што маюць магчымасць перажываць такую святочную падзею разам.
На ўрачыстасці сабраліся шматлікія вернікі мікрараёна Паўднёвы, а таксама іншых лідскіх парафій, святары з наваколля і навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Адпустовую Эўхарыстыю ўзначаліў рэктар семінарыі ў Гродне кс. Віталь Вайцяхоўскі, які таксама звярнуўся да вернікаў з Божым словам. Святар падкрэсліў значнасць працы як шляху да святасці ў жыцці кожнага чалавека. Адначасова кс. Віталь заахвоціў не ўпадаць ў крайнасці і знаходзіць час на адпачынак паміж працай, як гэтага патрабуе сам Бог.
Затым святар засяродзіў увагу на асобе св. Юзафа, рамесніка, як прыкладзе чалавека, які сваёй працай не толькі зарабляў на ўтрыманне сваёй сям’і, але і дапамагаў іншым людзям.
Пасля Імшы вернікі маглі падсілкавацца пачастункамі, якія самі прыгатавалі, і адначасова паслухаць канцэрт семінарыйнага гурту “AVE”.
На заканчэнне пробашч маладой парафіі кс. Віталь Сідорка падзякаваў усім парафіянам і гасцям за прысутнасць, сумесную малітву і арганізацыю адпустовай урачыстасці.
Андрэй Юхнік