1 мая – дзень, калі Касцёл успамінае св. Юзафа, рамесніка. Дзень вольны ад працы і школы. Але дзеці гродзенскай парафіі Святога Духа ў Гродне (Альшанка) ужо з самага ранку сабраліся ў гэты дзень каля касцёла.
Вясёлая музыка, паветраныя шары і радасныя твары – менавіта так распачалося спартыўнае мерапрыемства, мэтай якога з’яўлялася інтэграцыя дзяцей і, найперш, узаемнае дзяленне добрымі эмоцыямі і настроем.
Свята пачалося малітвай у касцёле, падчас якой дзеці аддаліся пад апеку сваіх анёлаў-ахоўнікаў.
Пасля малітвы ўсе ўдзельнікі падзяліліся на тры каманды. Кожны меў магчымасць паказаць сваю спрытнасць, хуткасць і кемлівасць. Незалежна ад узросту дзяцей чакалі разнастайныя гульні і конкурсы. З вялікай радасцю ў сэрцы дарослыя назіралі, як старэйшыя дзеці дапамагалі сваім маленькім сябрам спраўляцца з заданнямі.
Напрыканцы сустрэчы ўсе ўдзельнікі былі запрошаныя на салодкі пачастунак, пасля якога супольнай малітвай падзякавалі Пану Богу за радасць сустрэчы.
С. Вікторыя Галуза