Skip to main content

Адпустовая ўрачыстасць св. Юзафа, рамесніка, прайшла ў Скідзелі

skidel 381 мая ў парафіі ў Скідзелі (дэканат Гродна-Усход) адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар св. Юзафа, рамесніка, апекуна парафіі. Сёлетняя ўрачыстасць была выключнай, бо адзначалася таксама 15-годдзе асвячэння мясцовага касцёла.

Парафіяльную супольнасць наведаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Падчас урачыстай святой Імшы іерарх удзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе вернікаў. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці прынялі ў гэты дзень 13 чалавек.

Вітаючы біскупа, прыбылых святароў і ўсіх прысутных, пробашч кс. канонік Цэзары Міх адзначыў, што адпустовая ўрачыстасць – заўсёды асаблівы для парафіі дзень, калі думкі і малітвы вернікаў скіраваны да іх асаблівага апекуна, які шмат гадоў клапоціцца аб парафіі.

У гаміліі кс. Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай курыі, падкрэсліў, што святы Юзаф – маўклівы святы – сёння мае шмат што сказаць чалавеку. Святар дадаў, што Юзаф вучыць сучасных людзей найперш адвазе ў пераадоленні ўсіх цяжкасцяў і бар’ераў, якія могуць з’явіцца на дарозе жыцця.

skidel 44

Завяршэннем адпустовай урачыстасці была эўхарыстычная працэсія вакол святыні, падчас якой вернікі дзякавалі Езусу за прысутнасць сярод іх у Эўхарыстыі.

Біскуп Кашкевіч на заканчэнне ўрачыстасці заклікаў тых, хто быў у гэты дзень умацаваны дарамі Духа Святога ў сакрамэнце канфірмацыі, каб яны і далей з адвагай крочылі праз штодзённае жыццё і былі сведкамі Пана.

JM