27 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч наведаў будоўлю новага касцёла ў Любчы (Навагрудскі дэканат). Іерарх азнаёміўся з ходам працаў. У хуткім часе будаўніцтва святыні будзе завершана.
Любча з’яўляецца вельмі гістарычным месцам. Паводле некаторых крыніц, адсюль на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага распаўсюджвалася хрысціянства ў часы ўладарання караля Міндоўга. Па меркаванні некаторых краязнаўцаў, у Любчы на беразе Нёмана Міндоўг прыняў хрост, а на дзядзінцы Любчанскага замка быў каранаваны.
Тут была першая сядзіба біскупа Віта, першага дамініканіна, папскага нунцыя, які ахрысціў Міндоўга і заснаваў першае лацінскае біскупства на нашых землях.
З ХІІІ стагоддзя, амаль з самага пачатку існавання Любчы (яна, паводле першых згадак у летапісах, была заснавана ў 1241 г.), тут была першая каталіцкая святыня, а навокал яшчэ панавала язычніцтва.
На працягу ўсёй гісторыі Любчы тут актыўна ішло рэлігійнае жыццё, якое, на жаль, яшчэ мала даследавана. Варта ўзгадаць таксама міжваенны перыяд 1935-1939 гг., калі ў Любчу прыехалі сёстры ўршулянкі. Радзівілы аддалі ім для карыстання свой маёнтак – былы замак князёў Мірскіх. З самага пачатку сёстры вялі тут катэхізацыю мясцовых дзяцей, адкрылі капліцу, а потым па просьбе мясцовых жыхароў – гімназію, у якой вучылася каля 300 дзяцей.
У міжваенны час у Любчы пачаў будавацца новы касцёл непадалёк ад замка ў паўднёвай частцы мясцовасці. Будаўніцтва, на жаль, затрымала сусветная вайна, і няскончаны касцёл забралі саветы і перарабілі ў будынак пад жыллёвыя памяшканні. Таму першы і вельмі важны матыў – гэта гістарычная значнасць. Не менш важным з’яўляецца і тое, што вернікі моляцца на дадзены момант у драўляным будынку, дзе раней быў зубапратэзны шпіталь. Пабудова 1947 года знаходзіцца амаль у аварыйным стане, драўляныя сцены і канструкцыі прагнілі. Таму з’явілася неабходнасць думаць пра штосьці новае, пакуль яшчэ не позна. І апошні немалаважны аргумент – што паводле падліку ў Любчы і ваколіцах жыве каля 150 католікаў.
Сама ініцыятыва будаўніцтва новай святыні належала ў большасці мясцоваму душпастыру кс. доктару Юрыю Жэгарыну, таму што, на жаль, многія парафіяне згубілі веру і змірыліся з тым, што будучыні ў каталіцкай супольнасці ў Любчы няма. Таксама яны не верылі, што такая масштабная адбудова, якая патрабуе тытанічных намаганняў і вялікіх сродкаў, магчымая для рэалізацыі, тым больш што мясцовых католікаў параўнальна невялікая колькасць і яны не ў стане будуць гэта зрабіць.
Будаўнічыя працы пачаліся ў красавіку 2017 года, іх актыўная фаза павінна завяршыцца да 29 чэрвеня гэтага года. У гэты дзень а 15-й гадзіне запланаваная ўрачыстае асвячэнне касцёла, якое здзейсніць біскуп Аляксандр Кашкевіч.
На гэтае свята вернікі Любчы, прыгожай мясцовасці над Нёманам, разам са сваім душпастырам запрашаюць усіх, каб з імі раздзяліць гэтую вялікую радасць, калі роўна праз 80 гадоў у дар ад Бога яны атрымаюць Божы храм!
JM