Skip to main content

У Смаргоні адбыўся пасхальны канцэрт “Бог не памёр”

kancert smargon 2У нядзелю Божай Міласэрнасці вернікі парафіі Cв. Міхала Арханёла ў Смаргоні мелі магчымасць узяць удзел у пасхальным канцэрце “Бог не памёр”. Канцэрт распачаўся вечарам на палявам алтары парафіі.

Галоўнай ідэяй штогадовага традыцыйнага канцэрту з’яўляецца падзяка Езусу Хрысту за дар Пасхі – гэта значыць збаўлення для кожнага з нас. Атмасфера на сцэне была па-сапраўднаму пасхальная: шмат матываў радасці, тэксты песень, звязаныя з Уваскрасеннем Хрыста, а таксама тэматычныя танцы і нумары.

Галоўнай зоркай канцэрту быў мясцовы парафіяльны музычны гурт “Пілігрымы”. Гурт выканаў мноства прыгожых спеваў, сярод якіх былі і аўтарскія: “Моладзь твайго сна”, “Усе мы салезіяне”, “Ду-ду-ду”. Кожнаму са спеваў спадарожнічаў тэматычны каментар, які тлумачыў іх сэнс і пасхальнае пасланне.

Апрача гурта “Пілігрымы”, на сцэне выступіў харэаграфічны гурт “Маладосць душы” са смаргонскага дома культуры, а таксама дзяўчаты са смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія прадставілі нумар “Мода ў кропінку”.

Канцэрт стаўся прыгожым завяршэннем Велікоднай актавы. Па-сапраўднаму радасны настрой, Божы аптымізм і гукі рэлігійных спеваў далі непаўторнае сведчанне гораду аб тым, што наш Бог не памёр. Ён жывы! Ён уваскрос! Хрыстус у нашых сэрцах, бо пасля смерці і Уваскрасення Езуса кожны з нас стаўся чалавекам Пасхі – гэта значыць чалавекам жыцця!

Дыякан Артур Ляшнеўскі