Каб годна распачаць Вялікі тыдзень, вернікі парафіі ў Суботніках (Іўеўскі дэканат) сабраліся ў касцёле cв. Уладзіслава і ў капліцы Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай у Пальмовую нядзелю.
На знак уваходу Езуса ў Ерузалем пробашч кс. Аляксандр Лебядзевіч благаславіў прынесеныя вербачкі.
Распачынаючы Пасхальны Трыдуум, у Вялікі чацвер на Імшы сабраліся шматлікія вернікі, каб дзякаваць Езусу за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, а таксама за ўсіх святароў, якія працавалі ў парафіі.
У Вялікую пятніцу вернікі ўдзельнічалі ў адарацыі Крыжа. Моладзь і дзеці ў касцюмах стражнікаў усю ноч неслі варту пры Гробе Пана. Старэйшыя вернікі мелі магчымасць у цішы адараваць Хрыста.
Вечарам у Вялікую суботу адбылася ўрачыстая літургія Пасхальнай вігіліі. Быў благаслаўлёны агонь і запалены пасхал, які пасля ўнеслі ў святыню. Таксама святар благаславіў ваду, і прысутныя аднавілі абяцанні хросту.
Велікодная раніца распачалася эўхарыстычнай працэсіяй, на пачатку якой парафіяне неслі фігуру Уваскрослага Езуса. Мноства парафіян і гасцей прыйшлі ў гэтую раніцу ў святыню, каб засведчыць сваю веру ва Уваскрослага Езуса. Святар нагадаў, што Езус памёр на крыжы і ўваскрос дзеля нашага збаўлення, каб кожны змог уваскрэснуць разам з Хрыстом і жыць з Ім у Нябесным Валадарстве.
Людмiла Пясецкая