22 красавіка дзеці з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне прадставілі інсцэніроўку пад назвай “Будзем вучнямі Хрыста”. Прадстаўленне адбылося ў Сапоцкінскім культурна-гістарычным цэнтры.
Дзеці прафесійным чынам патлумачылі словы Евангелля, якія паказваюць Езуса Хрыста як Пераможцу смерці, пекла і шатана. Падкрэслівалася, што “чалавечай галавы мала, каб змясціць гэта – толькі сэрца можа прыняць гэтую таямніцу, бо яно само неспасцігальнае”.
Адзначалася, што Уваскрослы Пан прыходзіць да кожнага чалавека, як аб’явіўся Марыі Магдалене, якая спазнала сапраўдную радасць ад сустрэчы з Ім. Боль і роспач не маглі знішчыць радасці, што паходзіць з пустой грабніцы, але трэба паверыць, як вучні Езуса.
Маленькія акцёры заахвоцілі прысутных адкрыць перад Хрыстом свае сэрцы, бо Ён дасканала можа перамяніць смутак у радасць і напоўніць жыццё кожнага чалавека сэнсам.
Дзеці нагадалі, што Езус не пакінуў нас сіротамі, а застаўся з намі ў постацях хлеба і віна, і таму кожны чалавек можа карміцца Ім, прыступаючы да святой Камуніі.
Акцёры скіравалі да прысутных пасланне, каб сёлетнія святы Уваскрасення Пана пасадзейнічалі таму, каб халодныя сэрцы зноў загарэліся і ў іх запанаваў мір, а ўсе нашы страхі і бяссілле былі давераны Хрысту. “Езус сапраўды нас перамяняе, для Яго няма немагчымых рэчаў. Мы не можам захаваць Яго толькі для сябе – гэтым скарбам трэба падзяліцца. Таму хадзем да нашых братоў, запалім усіх, якія страцілі надзею, Любоўю Хрыста!” – гучала на сцэне.
Пасля інсцэніроўкі адбылася гульня стукання пісанкамі: у каго шкарлупіна трэснула, той прайграў. Кожны з удзельнікаў гэтага вечару прыйшоў са сваёй пісанкай. Стуканне пісанкамі – стары звычай, звязаны з велікоднымі святамі.
На заканчэнне пробашч парафіі кс. Антоні Абухоўскі падзякаваў акцёрам і ўсім прысутным за супольны вечар, які стаў працягам атмасферы велікодных святаў і інтэграцыяй парафіяльнай супольнасці.
Kс. Юрый Марціновіч