У велікодную раніцу, 21 красавіка, у горадзе над Нёманам загучалі званы на вежах усіх касцёлаў, звястуючы радасць Уваскрасення Пана. Гэта быў звон не на трывогу ці небяспеку, а звон радасці, бо Хрыстус уваскрос і жыве!
Эўхарыстыю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Урачыстасць пачалася працэсіяй вуліцамі горада, падчас якой шматлікія ўдзельнікі сведчылі сваю веру ва Уваскрослага і прыналежнасць да Касцёла.
У гаміліі біскуп Кашкевіч адзначыў, што вера ва Уваскрасенне Езуса Хрыста – гэта найперш радасная ўпэўненасць, што Ён жыве, што канчаткова перамог, што нават будучы прыбітым да крыжа, стаўся пераможцам смерці, пекла і шатана.
Іерарх дадаў, што калі б не было велікоднага ранку, Вялікая пятніца была б самым сумным, самым трагічным днём у гісторыі чалавецтва.
“Бо аказалася б, што Езус Хрыстус – Той, які хацеў змяніць свет, і не насіллем, вайной, рэвалюцыяй ці тэрорам, а любоўю, прабачэннем, міласэрнасцю, братэрствам і паяднаннем, – аказалася б, што Ён быў толькі чалавекам, які памёр, а з Ім разам прапалі б абвяшчаныя Ім узнёслыя і прыгожыя, але адначасова наіўныя і немагчымыя для спаўнення ідэалы”, – сказаў біскуп.
Велікодны ранак, як ацэнтаваў іерарх, нагадвае веруючым людзям, што Хрыстус не прайграў, што нянавісць, паклёп, несправядлівы суд і кара смерці не здолелі Яго перамагчы.
“Сёння мы радуемся, бо любоў не была пераможана нянавісцю. Гэта наша нагода для радасці. Бо сум па любові ўпісаны ў сэрца кожнага чалавека”, – адзначыў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп падкрэсліў, што жаданнем кожнага чалавека павінна быць тое, “каб любоў перамагала, каб яна агортвала ўсё і ўсіх, каб перамяняла нас саміх, нашых бліжніх і ўвесь свет”.
“Чым больш у свеце нянавісці, насілля, жорсткасці, зла, падману, цярпення, самотнасці, праліцця нявіннай крыві – тым больш мы жадаем, каб перамагала любоў”, – дадаў ён.
Іерарх заахвоціў адкрыцца на Хрыста Уваскрослага, каб Ён мог перамяняць сэрцы сучасных вучняў, ці кожнага веруючага чалавека, каб на ўзор Яго вучняў, якія ў велікодную раніцу прыйшлі да грабніцы Пана, “убачыць і паверыць”.
Біскуп пажадаў, каб Нядзеля Уваскрасення Пана стала добрай нагодай радавацца і весяліцца, бо наша жыццё адраджаецца, бо мы памерлі для граху, каб уваскрэснуць з Хрыстом і жыць з Ім навекі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык