19 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася літургія Мукі Пана – набажэнства Вялікай пятніцы, у якім асабліва ўшаноўваецца дрэва Крыжа.
Вялікая пятніца – адзіны дзень у літургічным годзе, калі ў святынях не цэлебруецца святая Імша. Перад распачаццем літургіі Вялікай пятніцы адбыўся Крыжовы шлях, што ўжо традыцыйна правялі святары, якія служаць у катэдральнай парафіі.
Літургія, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, складалася з трох частак: літургіі слова, адарацыі крыжа і святой Камуніі.
“Крыж з’яўляецца крыніцай несмяротнага жыцця, школай справядлівасці і міру, крыніцай прабачэння і міласэрнасці; пастаянным сведчаннем ахвярнай і бясконцай любові, якая схіліла Бога стаць чалавекам, безабаронным, як мы – бо Ён памірае на крыжы, – адзначыў у гаміліі біскуп. – Яго прыбітыя цвікамі рукі адкрываюцца для кожнага чалавека і заахвочваюць нас, каб мы наблізіліся да Яго без страху, упэўненыя, што Ён нас прыме і з любоўю прыгарне да сябе”.
“На жаль, не заўсёды людзі здольныя глыбей угледзецца ў гэтую бясконцую любоў Бога да сваіх братоў, – дадаў іерарх. – Для Бога не існуе розніцы ў расах, мовах ці культурах. Езус Хрыстус памёр, каб вызваліць усё чалавецтва з няволі граху, інакш кажучы, Хрыстус нарадзіўся і памёр на крыжы, каб свет даведаўся пра існаванне Бога і Яго бязмежную любоў да свайго стварэння – чалавека. Таму Крыж робіць нас братамі”.
“Вялікая пятніца, яе драматызм і яе намашчэнне Божай любоўю заахвочваюць сённяшняга чалавека, адказнага за будучыню свету, адказаць на пытанне, з якім з вышыні Крыжа звяртаецца да нас Езус: што зрабілі вы з Маёй любоўю, з Маім Крыжам? Ці Кроў Мая і Цела Маё, якое спажывае чалавек, з'яўляюцца лекамі для душы, ці ўзнагародай за добрыя паводзіны? Сёння, калі ўвесь свет абмяркоўвае пажар катэдры Нотр-Дам у Парыжы, у большасці шкадуюць помнік архітэктуры, а не дом Божы”, – адзначыў біскуп.
Іерарх звярнуў увагу, што за 2018 год у Францыі 885 разоў здзейсніліся атакі злачынцаў на каталіцкія святыні, дзясяткі святыняў дзяржава разбурыла, а тысячы касцёлаў прадае; “чалавек шукае шчасця без Бога, моцы без крыжа, а хвалы без пашаны да гісторыі”.
“Гісторыя ж Бога – гэта бязмежная любоў Хрыста, любоў міласэрная, якая не ведае межаў і не зважае на адрачэнне і здраду, – падкрэсліў біскуп. – На Крыжы Хрыстус прабачае аднаму са злачынцаў, укрыжаванаму побач, не таму, што разам паміраюць, але таму, што той просіць Яго аб прабачэнні, бо прыняў Яго навуку і паверыў у Яго боскасць. (…) Таму асноўная рэч, якую неабходна распазнаць і адкрыць сёння чалавеку, – гэта тое, што ад кожнага з нас Езус жадае перадусім сяброўства. Не толькі падчас мукі і смерці, але і ў жыцці”.
Апошнім літургічным актам Вялікай пятніцы стала перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў прыгожа аздобленую сімвалічную грабніцу, дзе ён будзе адараваны да пачатку Пасхальнай вігіліі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык