18 красавіка ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне адбылася св. Імша Вячэры Пана, якая распачала Пасхальны Трыдуум. Вернікі сабраліся ў катэдры, каб памаліцца ў інтэнцыі падзякі за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.
Літургію цэлебраваў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. У гаміліі іерарх зазначыў, што кожны год, беручы ўдзел у Імшы Вячэры Пана, мы адкрываем заслону таго, што здзейснілася ў вячэрніку, – памяць пра ўстанаўленне Эўхарыстыі і святарства.
Па словах біскупа, Імша Вячэры Пана – напамін пра любоў, якою Езус палюбіў людзей ажно да смерці. “Дзіўным чынам аб’яўляецца любоў Бога, якая здольная нас збавіць, здольная ажно да такога прыніжэння. Любоў Бога “на каленях” збліжаецца да чалавека, каб пераканаць яго, што яна здольная прынесці сябе ў ахвяру, каб чалавек меў жыццё”, – дадаў ён.
Іерарх падкрэсліў, што і сёння нас абавязвае евангельскі прынцып: “перамагай зло дабром”. “Кожны дзень хрысціяніна – гэта час, каб адчыніць дзверы свайго сэрца на іншага чалавека, бо кожны з’яўляецца дарам – ці гэта хтосьці блізкі нам, ці чужы”, – сказаў ён.
“У вячэрніку і пасля свайго ўваскрасення Хрыстус прыходзіць да ўстрывожаных і спалоханых вучняў, каб у чарговы раз прапанаваць ім сваю любоў і прабачэнне, вітаючы іх словамі: “Супакой вам”. Як жа прагне гэтага сучасны свет, гарантыі – супакою і згоды, разумення і прабачэння, бо мы ведаем, што нясе за сабой непакой і здрада, асабліва жудаснасць вайны”, – заўважыў біскуп.
Нагадваючы, што Касцёл у Беларусі перажывае гэты год пад дэвізам “Сям’я – крыніца радасці і надзеі моладзі”, іерарх заклікаў бацькоў і выхаваўцаў “быць той крыніцай радасці, з якой нашыя нашчадкі зачэрпнуць дар духоўнага супакою і, нягледзячы на цяжкасці, з надзеяй будуць крочыць у дарослае жыццё”.
Звяртаючыся да моладзі, біскуп адзначыў: “Уваскрасенне Хрыстa – гэта не толькі гістарычная звестка, але і сённяшні дзень. Таму заклікаю вас, каб вы аб гэтым памяталі кожны новы дзень сваёй маладосці. (…) Жадаю вам, каб вы распазналі Змёртвыхпаўсталага на сваёй дарозе і падзяліліся гэтай праўдай з тымі, што мяркуюць і мараць яшчэ толькі па-зямному, па-свойму”.
“Прашу асабліва цябе, прысутнага: дакраніся дарам супакою Хрыста да свайго сябра ці сяброўкі, каб гэты свет стаў больш Божым і больш чалавечым, месцам сустрэчы Бога з чалавекам, супольнай дарогай, крыніцай надзеі і радасці чалавека”, – заахвоціў іерарх.
“Прыняўшы Цела Пана, усім сэрцам, розумам і воляй будзем разважаць пра вялікую любоў Бога да чалавека. Няхай Ён, Хрыстус Пан, у святой Камуніі перамяняе нас у Сябе”, – пажадаў біскуп.
Падчас гімну “Хвала на вышынях Богу” загучалі ўсе званы касцёла. Пасля іх гукі замяніў стук драўляных ляскотак.
Напрыканцы Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт быў перанесены ў т.зв. цямніцу, якая нагадвае пра арышт Езуса ў Гетсіманскім садзе.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык