18 красавіка біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч цэлебраваў урачыстую Імшу Вячэры Пана ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (Паўднёвы). Гэтая Імша ўводзіць у атмасферу Пасхальнага Трыдууму.
Пасхальны Трыдуум – тры найважнейшыя ў гісторыі чалавецтва дні, падчас якіх здзейснілася справа збаўлення.
На Імшы сабраліся шматлікія вернікі, каб дзякаваць за сакрамэнты святарства і Эўхарыстыі, устаноўленыя Езусам Хрыстом у Вялікі чацвер.
У гаміліі біскуп Кашкевіч падкрэсліў значэнне сакрамэнту Эўхарыстыі, устаноўленай на Апошняй Вячэры, калі Езус здзейсніў незвычайныя дзеянні і прамовіў новыя, да гэтага часу нечуваныя словы: “Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана” (1Kар 11, 24) і “Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй” (1Kар 11, 25).
Іерарх звярнуў увагу, што гэтыя два новыя знакі ўказваюць на Ахвяру, якую Сын Божы павінен быў скласці ў хуткім часе на дрэве крыжа за збаўленне ўсяго свету. “Вучні спажываюць хлеб як Цела Хрыста – пасхальнага Ягняці, які заўтра будзе “спечаны” ў агні жорсткай мукі і смерці. Яны п’юць віно як Кроў Хрыста, якая заўтра будзе праліта, каб захаваць чалавецтва ад вечнай смерці”, – дадаў біскуп.
Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне адзначыў, што падчас Апошняй Вячэры вучні ўдзельнічаюць у сакрамэнце, ці знаку, новай Пасхі – у муцы, смерці і ўваскрасенні Езуса Хрыста. Ён падкрэсліў, што гэты вялікі дар удзелу ў Пасхальнай Таямніцы Божага Сына атрымалі не толькі вучні, якія былі тады з Езусам у вячэрніку, але і ўжо дзве тысячы гадоў вызнаўцы Хрыста ва ўсім свеце, якія верна спаўняюць гэты запавет свайго Пана.
“Змяняюцца часы і людзі, паўстаюць і знікаюць з мапы свету чарговыя імперыі, пачынаюцца і заканчваюцца войны, нараджаюцца і паміраюць чарговыя пакаленні – а сакрамэнтальная Ахвяра Езуса Хрыста працягвае здзяйсняцца”, – сказаў біскуп.
Па словах іерарха, праз Эўхарыстыю вернікі не толькі ўваходзяць у лучнасць з Езусам Хрыстом, які да канца ўсіх палюбіў, але і пасылаюцца дзяліцца любоўю і ўтвараць адзінства з бліжнімі.
“Не будзем шкадаваць часу, каб спыніцца ў нашай штодзённай спешцы, укленчыць перад Езусам, паглядзець з верай на Яго, укрытага ў белай гостыі, і проста, у цішыні сэрца, падзякаваць Яму за Яго любоў”, – заахвоціў біскуп усіх прысутных у касцёле.
Пасля святой Камуніі адбылося перанясенне Найсвяцейшага Сакрамэнту ў “цямніцу”, якая з’яўляецца сімвалам заключэння Езуса ў вязніцу ў ноч перад Мукай. Падчас працэсіі спяваўся эўхарыстычны гімн аўтарства св. Тамаша Аквінскага “Pange lingua” (“Слаў, народ, таямніцу”). Вернікі доўга трывалі на адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Таксама ў гэты дзень парафіяне выказалі віншаванні прысутнаму сярод іх біскупу i святарам, якія служаць у парафіі.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Марына Седзянеўская