У Вялікую сераду, 17 красавіка, вернікі з Іўя прайшлі Крыжовым шляхам па вуліцах горада.
Парафіяне сабраліся каля капліцы cв. Барбары, каб разам прыняць удзел у набажэнстве і паразважаць над апошнімі хвілінамі зямнога жыцця Езуса Хрыста.
Наперадзе працэсіі быў крыж. Па чарзе яго неслі моладзь, дзеці, мужчыны і жанчыны, міністранты, духавенства, супрацоўнікі райвыканкама і многіх арганізацый горада. Падчас шляху рабіліся прыпынкі – стацыі з разважаннямі. Сёлетні Крыжовы шлях быў падрыхтаваны на тэму сям’і.
Пасля таго, як працэсія прыйшла да касцёла, адбылася малітва ў інтэнцыі Святога Айца. Напрыканцы пробашч іўеўскай парафіі кс. Ян Гавецкі выказаў падзяку вернікам за ўдзел у супольным набажэнстве.
Варта адзначыць, што гарадскі Крыжовы шлях стаў ужо добрай традыцыяй для іўеўскіх католікаў.
Раман Ярмош