Вялікі чацвер - вельмі важны дзень для ўсяго Касцёла. У гэты час дзякуем за дар Эўхарыстыі і нанова асэнсоўваем ласку вашага паклікання, дарагія святары!
Сёння мы звяртаемся да вас з вялікім захапленнем, усведамляючы вашую незаменную ролю ў Касцёле. Вы - слугі Эўхарыстыі, суцяшальнікі душ вернікаў сярод цяжкасцяў жыцця. Дзякуем вам за бескарыслівую паслугу любові, за труд штодзённага служэння, за тое, што спадарожнічаеце нам ад нараджэння да апошняй хвіліны жыцця, удзяляючы сакраманты.
Асаблівы дзякуй за тое, што з'яўляецеся бачным знакам Хрыста, Яго прысутнасці, дзеянняў, любові і самаахвяравання.
З нагоды Дня святара складаем самыя сардэчныя віншаванні! Жадаем шмат радасці, моцнага здароўя, добразычлівасці ад людзей, нязгаснага запалу веры, сіл і нястомнасці ў святарскай паслузе. Няхай усе непрыемнасці, якія сустракаюцца на вашым шляху, ніколі не знеахвочваюць, а толькі ўзмацняюць і вядуць да святасці.
Ад імя супрацоўнікаў СМІ Гродзенскай дыяцэзіі