13 красавіка ў гродзенскай парафіі Святога Духа адбыўся дзень засяроджання для дзяўчат з усяго горада. Яго арганізавалі сёстры ядзвіжанкі. Сустрэча прайшла пад назвай: “Пакліканая да Любові”.
Углядаючыся ў прыклад жыцця св.Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якая прагнула несці любоў праз кожны свой чын, дзяўчаты разважалі над асаблівым пакліканнем кожнай з іх да таго, каб дарыць любоў.
Госцем спаткання стала сямейны кансультант Ганна Курганская, якая ў просты і цікавы спосаб распавяла пра вартасць чысціні адносінаў у сучасным свеце.
На завяршэнне духоўных практыкаванняў верніцы разам з манахіняй прынялі ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху, які прайшоў вуліцамі Гродна.
"Тэма любові заўсёды актуальная. Аднак часта гэтая тэма ўспрымаецца не ў пабожным паняцці. Інтэрнэт, тэлебачанне, рэклама на кожным кроку спрабуюць закласці нам у галаву разуменне таго, што сапраўдная любоў не з’яўляецца духоўнай каштоўнасцю, але залежыць ад рэчаў матэрыяльных. Для моладзі каштоўнай магчымасцю разабрацца ў гэтай тэме з’яўляюцца рэкалекцыі. «Не аддзяляйце любові ад сэрца, выракайцеся ад сябе ў імя любові да іншага»," - падзялілася адна з удзельніц рэкалекцый, Аніта.
С. Вікторыя