Крыжовы шлях – гэта каталіцкае набажэнства, сэрцам якога з’яўляецца адарацыя мукі Пана на шляху да Галготы. Набажэнства паўстала ў Ерузалеме – месцы, дзе фактычна адбылося ўсё перажыванае падчас гэтай малітвы.
У Сярэднявеччы такі стыль пакутнага набажэнства ў межы Еўропы перанеслі са Святой Зямлі члены ордэна францішканаў. Малітва-разважанне Крыжовым шляхам Хрыста – гэта спроба адкрыцця нанова тых жудасных падзей, якія наш Пан перанёс дзеля збаўлення ўсяго чалавецтва.
Згодна з ерузалемскай традыцыяй, дзе ў горадзе пазначаны месцы пакутаў Езуса – стацыі, – вернікі таксама пачалі выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў, каб духоўна перанесціся ў Ерузалем – горад мукі і ўваскрасення Месіі.
12 красавіка парафія Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні традыцыйна выйшла на вуліцы свайго горада, каб перажыць разам з церпячым Хрыстом Яго Крыжовы шлях. Пасля Эўхарыстыі а 18-й гадзіне вернікі выйшлі святочным шэсцем на галоўную вуліцу горада, несучы вялікі драўляны крыж. Пасля кожнай стацыі крыж пераймалі прадстаўнікі розных колаў і груп парафіі і мясцовага араторыя: аратарыйная моладзь; дзеці з Savio Clubа; члены групы ADMA; ружанцовыя колы парафіі; “Легіён Марыі”; жанчыны з суполкі “Маці ў малітве”; мужчыны і жанчыны горада Смаргоні; салезіяне-супрацоўнікі; літургічная служба алтара; прадстаўнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым; дзеці парафіі; удовы і ўдаўцы; салезіяне і салезіянкі.
Кожны з парафіянаў меў магчымасць несці крыж Хрыста, усведамляючы, што ўсе мы маем дачыненне да Яго цярпення, а таксама злучыць з ім свой асабісты крыж. Набажэнства скончылася на палявым алтары ля парафіяльнага касцёла, дзе крыж быў усталяваны на падстаўцы для асабістай адарацыі. Вернікі ў знак пашаны цалавалі несенае імі дрэва крыжа, а таксама пакідалі пад гэтым знакам збаўлення запаленыя знічы.
Дк. Артур Ляшнеўскі