14 красавіка, калі Каталіцкі Касцёл адзначаў Пальмовую нядзелю, якая таксама мае іншую назву – нядзеля Мукі Пана, – цэнтр Гродна ажывіўся як ніколі.
Дзеці, моладзь, дарослыя, часта цэлымі сем’ямі, кіраваліся да “маці” ўсіх касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі – катэдры св. Францішка Ксаверыя.
Каля святыні дзясяткі людзей прадавалі пальмы. Пальмы можна было набыць і маленькія, і вялікія, зробленыя са штучных кветак і проста вярбовыя галінкі.
Задумаў іх выканання было вельмі шмат. Акрамя пальмаў, можна было набыць і святочныя дэкарацыі, каб упрыгожыць імі велікодны стол ці свой дом на святы.
Пальмовая нядзеля распачынае Вялікі тыдзень – найважнейшы час ва ўсім літургічным годзе. Літургія Пальмовай нядзелі ўтрымлівае ў сабе два вельмі моцныя акцэнты. Адным з іх з’яўляецца благаслаўленне пальмовых галінак і працэсія ў памяць пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем. Другі акцэнт – гэта літургія слова, якая засяроджвае нашу ўвагу на збаўчай муцы і смерці Сына Божага.
Урачысты ўезд Езуса ў Ерузалем з’яўляецца пачаткам Яго мукі і смерці, а адначасова прадказаннем найвялікшай у гісторыі свету перамогі – уваскрасення.
Паўстанне з мёртвых Сына Божага будзе поўным і канчатковым трыумфам дабра над злом, любові над нянавісцю, праўды над хлуснёй, жыцця над смерцю. Уваскрасенне Хрыста ўкажа раз і назаўсёды ў поўным ззянні праўду пра тое, што зло трэба перамагаць дабром, што ў заблытанай, пакутлівай, поўнай несправядлівасці і крыўды гісторыі чалавецтва апошняе слова належыць толькі Богу, а гэта будзе слова любові, міласэрнасці і прабачэння.
Няхай Вялікі тыдзень, дапаможа кожнаму з нас нанова адкрыць і перажыць гэтую неспасцігальную, бязмежную любоў Бога, аб’яўленую ў Пасхальнай Таямніцы Езуса Хрыста. Бо гэтая любоў – наша адзіная надзея.
Kс. Юрый Марціновіч