13 красавіка, дакладна ў 28-ю гадавіну заснавання Гродзенскай дыяцэзіі, адбылося набажэнства Крыжовага шляху вуліцамі горада Гродна. У ім прынялі ўдзел сотні жыхароў горада, якія пажадалі такім чынам увайсці ў перажыванне Вялікага тыдня.
Крыжовы шлях распачаў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, які адзначыў, што Езус кліча ўсіх узяць на плечы крыж уласнага жыцця, каб без боязі пайсці за Яго заклікам.
Па словах іерарха, калі сучасны свет адварочваецца ад Бога і жыве так, быццам Яго няма, сотні і тысячы людзей ва ўсім свеце становяцца пад крыжам Езуса са сваімі радасцямі і клопатамі, са сваім сёння і заўтра.
“Выходзячы на вуліцы нашага горада, мы хочам сёння прыгадаць сабе і свету, што на шляхах чалавечага сумлення, часам такіх складаных і пакручастых, Бог пакінуў шмат указальнікаў, якія надаюць чалавечаму жыццю кірунак і канчатковы сэнс”, – сказаў біскуп, нагадваючы, што такім указальнікам з’яўляецца Крыж.
“Возьмем духоўна ў гэты Шлях нашы сем’і, нашых самых блізкіх. Возьмем тое, што ў нашых сем’ях цяжкае, з чым мы не здольныя справіцца”, – заахвоціў іерарх.
Падчас набажэнства вернікі разважалі над Мукай Пана нашага Езуса Хрыста і сваім уласным жыццём, над тым, што трэба ў ім змяніць і што можа надаць яму правільны кірунак і сэнс.
Да крыжа падыходзілі i неслі яго прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання паклікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах горада.
Крыжовы шлях праходзіў ад катэдральнага касцёла праз Савецкую плошчу. Завяршылася набажэнства на Бэрнардынскім узгорку ў касцёле Адшукання Святога Крыжа, дзе адбылася св. Імша.
Гарадскі Крыжовы шлях у гэтым годзе адбыўся ўжо ў дванаццаты раз. Ён з’яўляецца своеасаблівымі ўводзінамі ў атмасферу Вялікага тыдня і традыцыйна праходзіць у суботу вечарам перад Пальмовай нядзеляй – нядзеляй Мукі Пана.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Павел Адамовіч