26-27 сакавіка ў гродзенскай парафіі Святога Духа (Альшанка) адбыўся дзень духоўных разважанняў для літургічнай службы алтара.
У межах сустрэчы міністранты распачыналі дзень святой Імшой, затым удзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху. Пасля перапынку на гарбату адбывалася катэхеза, падчас якой хлопцы знаёміліся з гісторыяй жыцця св. Філіпа Нэры і яго духоўнасцю. Таксама разважалі над прыпавесцю пра міласэрнага айца і двух яго сыноў і аб тым, што значыць быць шчаслівым міністрантам паводле васьмі благаслаўленняў Пана Езуса.
У праграме была і культурная частка: выезд у цэнтр горада, наведванне музея і старога замка, катэдры св. Францішка Ксаверыя і Вышэйшай духоўнай семінарыі.
Таксама сярод міністрантаў адбыўся турнір па шашках у малодшай і старэйшай групах. У канцы найлепшыя тройкі пераможцаў атрымалі медалі.
Пасля заканчэння сустрэчы некаторыя міністранты засталіся, каб дапамагчы старэйшым парафіянам рабіць пальмы на Пальмовую нядзелю. Грошы ад продажу будуць скіраваны на патрэбы будаўніцтва святыні, якое вядзецца зараз.
Kс. Андрэй Белаблоцкі