Kангрэгацыя Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта (назарэтанкі) на вясенніх канікулах правяла рэкалекцыі для дзяўчат.
Дэвізам рэкалекцый, якія адбыліся 26-28 сакавіка ў кляштары сясцёр назарэтанак у Навагрудку, сталі словы “Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены” (Дз 2, 21).
На гэты раз духоўныя практыкаванні, прапанаваныя манахінямі, сустрэлі вялікую зацікаўленасць, таму што на іх прыбыло амаль 50 дзяўчат – між іншым з Гродна, Геранёнаў, Новага Двара, Войстама, Навагрудка, Маладзечна, Мінска.
Мэтай арганізатараў было даць удзельніцам магчымасць паглыбіць сваё перажыванне Пасхальнага Трыдууму, каб урачыстасці Уваскрасення Пана, якія набліжаюцца, перажыць глыбей і з верай.
Да правядзення рэкалекцый далучыўся кс. Вадзім Сурвіла, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы (Смаргонскі дэканат), які прамовіў канферэнцыю. Сястра Назарыя падрыхтавала ўводзіны ў разважанне над біблейскімі тэкстамі, сястра Ганна – адарацыі, сястра Агнэс – спевы.
Дзяўчаты дзяліліся сваімі перажываннямі, задавалі пытанні назарэтанкам і святару. Быў час і на малітву, і на сціплую велікапосную забаву “Што? Дзе? Калі?”.
Як адзначае с. Клара Волчэк CSFN, таксама падчас гэтых трох дзён сабраныя набліжаліся духоўна да 11 благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка і давяралі ім свае просьбы.
Kс. Юрый Марціновіч