Iснуе стары звычай благаслаўлення палёў, калі святар ад імя ўсіх просіць Божага благаслаўлення для працуючых у сельскай гаспадарцы, аб добрым ураджаі і аб тым, каб ні ў каго на зямлі не было недахопу ў хлебе.
Згодна з гэтым звычаем у многіх калгасах у Беларусі ў час падрыхтоўкі палёў пад засеў запрашаюць каталіцкага і праваслаўнага святароў, каб яны благаславілі палі і памаліліся супольна з працаўнікамі калгасаў.
У гэтым годзе кс. Анджэй Ганчар, вікарый парафіі Святога Вацлава ў Ваўкавыску, благаславіў перад пасевам поле на тэрыторыі аднаго з калгасаў каля Ваўкавыска.
Абрад благаслаўлення палёў з’яўляецца выразам веры ў Божы Провід, у асаблівае партнёрства, якое існуе паміж Даўцам жыцця і чалавекам. Праз супольныя просьбы, скіраваныя да Бога, мы просім не толькі аб благаслаўленні, але і аб тым, каб быць супрацоўнікамі Пана ў справе перамянення свету.
Ужо ў раі Бог наказаў прабацькам рабіць зямлю сабе падданай і звязаў з гэтым сваё благаслаўленне. Абрад благаслаўлення палёў, які практыкуецца сёння, з’яўляецца працягам гэтага супрацоўніцтва з Богам.
Kс. Юрый Марціновіч