Галавічполле – вёска, дзе знаходзіцца дом-інтэрнат для дзяцей, якія не толькі маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця, але і адчуваюць вельмі моцны недахоп у бацькоўскай любові і клопаце. Таму менавіта гэтае месца Бог выбраў для таго, каб няспынна аказваць дзецям неабходную падтрымку для паўнавартаснага фізічнага і духоўнага развіцця.
28 сакавіка навучэнцы Вышэшай духоўнай семінарыі ў Гродне з прэфектам кс. Андрэем Лішко ў чарговы раз наведалі гэты дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў. Дзякуючы ахвярнай працы персаналу семінарысты акунуліся ў атмасферу любові, даверу і ўзаемападтрымкі. Таму час, супольна перажыты з дзецьмі, стаў для будучых святароў яшчэ адным заклікам несці жыццядайнае пасланне Евангелля самым абяздоленым, хворым і пакінутым людзям.
Асабліва цяпер, падчас Вялікага посту, гэтая сустрэча прынесла духоўныя плёны для семінарыстаў і вялікую радасць дзецям.
Андрэй Юхнік
Фота: Мікіта Барташэвіч