17 сакавіка ў Шчучыне адбылася першая арганізацыйная сустрэча перад Дыяцэзіяльнымі днямі моладзі Гродзенскай дыяцэзіі.
Сёлета моладзь дыяцэзіі прыме парафія Св. Тэрэзы Авільскай. Сустрэча адбудзецца 6-8 мая.
На сустрэчы, якую ўзначаліў кс. канонік Антоні Грэмза, душпастыр моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, сабраліся маладыя людзі шчучынскай парафіі, якія будуць актыўна ўдзельнічаць у Днях моладзі ў якасці валанцёраў. Перад імі шмат працы, каб разам з мясцовымі айцамі піярамі, якія служаць у парафіі, як найлепш прыняць удзельнікаў гэтага мерапрыемства, якое мае дыяцэзіяльны характар.
Вернікі парафіі ў Шчучыне будуць вітаць у сябе моладзь Касцёла на Гродзеншчыне ў другі раз. Першыя шчучынскія Дні моладзі прайшлі ў 2010 г.
Дыяцэзіяльны форум моладзі адбудзецца пад дэвізам “Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”. Праз гэта сустрэча стане своеасаблівым працягам 34-х Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў студзені ў Панаме.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: кс. Антоні Грэмза