Skip to main content

Распачаліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі

Шчучын, Іўе, Сапоцкіна, Гродна і іншыя гарады ўжо прымалі ў сябе каталіцкую моладзь з усёй дыяцэзіі. У гэтым годзе прыйшла чарга Воранава. 6 мая сюды з’ехалася моладзь з усёй Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з іншых куткоў Беларусі. Цэнтрам, які прыцягнуў усіх гэтых маладых людзей, стала воранаўская святыня. У 18.45 ксёндз Антоній Грэмза, каардынатар Дыяцэзіяльных дзён моладзі, запрасіў усіх да супольнай малітвы, заахвоціў даверыцца Езусу, Марыі і бл. Яну Паўлу ІІ. Каля 1,5 тысячы маладых дзяўчат і хлопцаў праспявалі Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым кс. Антоній паблаславіў прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

А 19-ай гадзіне распачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. Андрэй Вітэк, пробашч воранаўскай парафіі. Святой Імшы папярэднічаў натхнёны спеў маладых людзей. Дарэчы, песні ў выкананні моладзі ўпрыгожвалі ўсё набажэнства. Кс. Антоній Грэмза звярнуўся да прысутных з казаннем, у якім заклікаў моладзь з карысцю правесці гэтыя дні. Кс. Антоній праверыў, ці памятаюць маладыя людзі месцы мінулых Дыяцэзіяльных дзён моладзі, а таксама іх дэвізы.

Дэвізам сёлетняга спаткання сталі словы святога Апостала Паўла: “Збудаваныя ў Хрысце, моцныя ў веры”. Святар заўважыў: “Тое што мы любім Хрыста, гэта вынік Яго любові да нас. Навучанне Хрыста – гэта навучанне любові і адказнасці за свой лёс, лёс бліжняга і ўсяго грамадства. Хрыстос – гэта фундамент, на якім збудавана нашае жыццё”.

Пасля св. Імшы адбылася вячэра.