10 сакавіка, у І нядзелю Вялікага посту, падчас Эўхарыстыі з рук дапаможнага біскупа Гродзенскай дыяцэзіі Юзафа Станеўскага навучэнцы ІІІ і IV курсаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне атрымалі паслугі лектарату і акалітату, а навучэнцы V курса сталі кандыдатамі да прыняцця паслугі дыяканату.
Велікапосныя рэкалекцыі, якія адбыліся напярэдадні ў семінарыйнай супольнасці, вельмі паспрыялі падрыхтоўцы будучых святароў да свядомага прыняцця важных паслугаў.
З гэтага моманту лектар будзе не толькі абвяшчаць жыццядайную моц Святога Пісання з амбоны падчас Эўхарыстыі, але і чэрпаць з Божага слова веру і адвагу, каб ператвараць Яго ў жыццё падчас штодзённых абавязкаў.
Акалітаў, у сваю чаргу, Касцёл палічыў годнымі дакранацца да найвялікшай Таямніцы хрысціянскай веры, каб яны маглі яшчэ больш прыпадобніцца да свайго Настаўніка Езуса Хрыста.
Тры кандыдаты да прыняцця паслугі дыяканату цяпер пачнуць рыхтавацца да заданняў, якія Касцёл у будучыні паставіць перад імі, а менавіта да абвяшчэння Божага слова, дапамогі святару падчас цэлебрацыі літургіі, а таксама служэння найбольш патрабуючым.
Падчас святой Імшы, якая адбылася ў капліцы гродзенскай семінарыі, яе навучэнцы зрабілі яшчэ адзін вельмі значны крок на шляху да святой мэты: быць тымі, хто працягвае адкупленчую місію Хрыста і з’яўляецца мостам паміж Богам і людзьмі, нягледзячы на сваю абмежаванасць.
Aндрэй Юхнік, семінарыст
Фота: Віталій Гурэц