6-9 сакавіка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбыліся велікапосныя рэкалекцыі.
Рэкалекцыі – гэта час, які змяняе чалавечы вобраз мыслення, вучыць ставіць Божую волю на першае месца і робіць людзей здольнымі ўзгадняць свае думкі з думкамі Бога. Прагненне ўзрастаць у любові і будаваць блізкія адносіны з Богам з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця кожнага хрысціяніна.
На запрашэнне духоўнага айца семінарыстаў правесці рэкалекцыі згадзіўся а. Андрэй Ядкоўскі СSsR. Законнік адразу ж ва ўступнай прамове акцэнтаваў тое, як важна задумацца над сваімі адносінамі з Езусам Хрыстом. Чалавек можа круціцца ўвесь час толькі вакол сябе і сваіх праблем, забываючы запрасіць у сваю штодзённасць Бога, які заўсёды ідзе разам з намі.
Кожную раніцу семінарысты падчас Ютрані разважалі з дапамогаю рэкалекцыяніста над Божым словам, а на працягу дня слухалі канферэнцыі. Галоўным момантам кожнага дня рэкалекцый была сустрэча з Эўхарыстычным Езусам падчас святой Імшы, а таксама ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
У пятніцу семінарысты разважалі над таямніцамі Крыжовага шляху Пана Езуса і ўдзельнічалі ў пакутным набажэнстве з рахункам сумлення, праз якое маглі падрыхтавацца да сакрамэнту пакаяння.
Андрэй Юхнік, семінарыст