Адмовіцца ад гучнай забавы на карысць прысутнасці побач з самотным чалавекам, ад прабывання ў рэстаранах і барах на карысць дзялення хлебам з патрабуючым; замест тэлефона ўзяць у рукі Святое Пісанне; замест новага замежнага хіту навучыцца спяваць “Песні жальбы”; адмовіцца ад паходу ў лес за свежым паветрам ці пралескамі на карысць ўдзелу ў рэкалекцыях, а Крыжовы шлях Хрыста прайсці з такім жа запалам, як крочым скандынаўскім ходам, заахвоціў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў Папяльцовую сераду.
6 сакавікa, калі ў Каталіцкім Касцёле пачаўся час Вялікага посту, іерарх наведаў маладую парафіяльную супольнасць Святога Духа ў Гродне (Альшанка). У знак гатоўнасці навяртання вернікі прынялі ўдзел у абрадзе пасыпання галоваў попелам.
Звяртаючыся на парозе Вялікага посту да шматлікіх прысутных, біскуп заклікаў:
“Скіраваць сонечны промень туды, дзе пануе цемра,
сваёй усмешкай падзяліцца з тым, хто маркотны,
увільгатніць вока слязой таму, якому не знаёмае спачуванне;
навучы прабачаць тых, хто не можа сам сабе выбачыць,
дабрынёй падзяліся з тым, хто ніколі нічым не дзяліўся,
падзяліся сваёй верай з тым, хто абыякавы да жыцця,
узмацні надзею ў тым, хто страціў яе або пачынае сумнявацца,
любоўю падзяліся з адкінутым ад супольнасці і сям'і”.
Іерарх падкрэсліў, што час Вялікага посту павінен быць напоўнены ўзмоцненай працай над самім сабой.
“Трэба пазбавіцца ад эгаізму і закаханасці ў сябе і ўглядацца ў Пасху Езуса, наблізіцца да братоў і сясцёр у цяжкай сітуацыі, дзелячыся з імі нашымі духоўнымі і матэрыяльнымі дабротамі”, – дадаў ён.
На заканчэнне Імшы пробашч парафіі кс. канонік Павел Салабуда падзякаваў біскупу за супольны з вернікамі пачатак шляху велікапоснага пакаяння і выказаў надзею, што гэты час прынясе плён благаслаўлення і ласкі ў жыцці кожнага.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Валерый Русіновіч