3-5 сакавіка ў гродзенскай парафіі Божай Міласэрнасці (Вішнявец) адбыліся рэкалекцыі. Традыцыйна духоўныя практыкаванні праходзяць перад Вялікім постам. З адноўленым і адкрытым на Бога сэрцам вернікі ўвайшлі ў час саракадзённага шляху пакаяння і навяртання.
Рэкалекцыі – гэта час, калі Бог асаблівым чынам заклікае ўсіх да навяртання, дае час, каб людзі больш уважліва паглядзелі на сваё жыццё, на ўжо пройдзены шлях і на той шлях, які яшчэ трэба прайсці. Аналізуючы рэчаіснасць, у якой чалавек жыве, усведамляючы, якая яго вера і вернасць Богу.
Гэтыя думкі на працягу трох дзён хацеў данесці ўдзельнікам рэкалекцый а. Aляксандр Жарнасек МІС (Віцебская дыяцэзія), які праводзіў духоўныя практыкаванні па запрашэнні мясцовага пробашча кс. Яна Этэля SCJ.
На заканчэнне рэкалекцый вернікі выказалі ўдзячнасць рэкалекцыяністу за Божае слова, якое ён прамаўляў для іх. Яны спадзяюцца, што яно стане ўмацаваннем іх сэрцаў і веры, а таксама прынясе плён падчас гэтага посту.
Kс. Юрый Марціновіч