6 сакавікa, у Папяльцовую сераду, якая пачынае час Вялікага посту ў Каталіцкім Касцёле, святую Імшу апоўдні ў катэдры св. Францішка Ксаверыя ў Гродне ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх маліўся за ўсіх вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі, каб святы час посту прынёс ім духоўныя плёны і ўзбагаціў у веры і любові.
На літургіі сабраліся шматлікія вернікі, а таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Біскуп Кашкевіч адзначыў у сваім слове, што Папяльцовая серада традыцыйна пачынае ў Каталіцкім Касцёле перыяд Вялікага посту, ці саракадзённага пакаяння. Ён падкрэсліў, што гэты дзень павінен падштурхнуць вернікаў рашуча стаць на шлях асабістага аднаўлення і навяртання.
“У час Вялікага посту мы чуем словы заахвочвання прарока Ёэля „Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне”, што заклікаюць нас абудзіць жаль за грахі, якімі мы абражаем Пана Бога”, – сказаў іерарх.
Па яго словах, час велікапоснага пакаяння павінен стаць часам напаўнення сэрцаў любоўю да Бога і іншага чалавека. “Паспяшаемся з канкрэтнай дапамогай да чалавека ў патрэбе. Можа, не заўсёды гэта будзе матэрыяльная дапамога, але заўсёды гэта можа быць малітва ў інтэнцыі тых людзей, якія закрануты лёсам”, – дадаў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне.
Біскуп заклікаў усіх праяўляць ў адносінах да бліжняга дабрыню, цеплыню ці нават звычайную ўсмешку, што, безумоўна, паспрыяе навяртанню сэрца.
Падчас Імшы адбыўся абрад пасыпання попелам галоваў прысутных вернікаў. Традыцыйна абраду спадарожнічалі словы “Памятай, што ты прах і ў прах вернешся” або “Навяртайцеся і верце ў Евангелле”. Гэты красамоўны абрад нагадаў у чарговы раз аб неабходнасці пакаяння і навяртання ў хрысціянскім жыцці.
Сам попел сімвалізуе нетрываласць, прамінальнасць, смяротнасць, жалобу, боль і крохкасць чалавечага жыцця. Хоць з іншага боку, у сувязі з Хрыстом ён з’яўляецца таксама знакам ачышчэння, адраджэння і ўваскрасення, бо Бог стварыў чалавека з праху зямлі і адрадзіў яго ў Хрысце да новага жыцця. Попел нагадвае, што ўсё матэрыяльнае прамінае, а вечны толькі Бог.
Попел для пасыпання галоваў паходзіць з пальмаў, благаслаўлёных у Пальмовую нядзелю ў мінулым годзе.
Сёлетні Вялікі пост скончыцца ў Вялікі чацвер 18 красавіка, калі католікі распачнуць Пасхальны Трыдуум Мукі, Смерці і Уваскрасення Хрыста.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Томаш Мікалайчык, семінарыст