2 сакавіка ў Гродне адбылося падсумаванне 34-х Сусветных дзён моладзі, якія ў студзені прайшлі ў Панаме. Удзельнікі сусветнага форуму падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу.
Сустрэча пачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі). Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Іерарх адказвае ў епіскапаце Беларусі за пастырства моладзі і ўзначальваў дэлегацыю з нашай краіны, якая была ў Панаме.
Біскуп адзначыў, што сустрэча з маладымі людзьмі ўсяго свету была добрай нагодай яшчэ раз пераканацца, што наш Касцёл малады, што ў ім шмат вартай моладзі, якая без Хрыста не здолее жыць.
У гаміліі кс. Ян Раманоўскі, старшыня сінадальнай камісіі па справах моладзі, разважаў над дэвізам сёлетніх Дзён моладзі: “Вось я, слуга Панская, няхай мне станецца паводле твайго слова”.
Святар падкрэсліў, што Марыя, безумоўна, мела цяжкасці і страх, каб прыняць прапанову Бога, аднак гэта не стала перашкодай, каб сказаць Яму “не”. Ксёндз Раманоўскі заахвоціў, каб “нашае штодзённае “так” Пану таксама ўплывала на жыццё іншых, але перш за ўсё на нашае”.
Пасля Імшы адбылася сустрэча з удзельнікамі Дзён моладзі ў Панаме. Гэта была магчымасць хоць крыху акунуцца ў тую атмасферу і падзяліць з удзельнікамі эмоцыі, якія яны перажылі там.
У праграме былі фотасправаздача, віктарына па веданні пра СДМ і сведчанні ўдзельнікаў. Маладыя людзі, якія былі сведкамі панамскіх падзей, адзначалі, што для іх гэта быў цудоўны час сустрэчы найперш з Богам, а таксама з іншым чалавекам. Яны падкрэслівалі, што час, праведзены на чужой зямлі, якая стала для іх вельмі блізкай і гасціннай, прынясе плёны перамянення ў іх жыцці і духоўнага ўзрастання.
Моладь казала, што сустрэча была выключнай, бо яна адчувала сапраўдную еднасць, якая панавала сярод удзельнікаў і гаспадароў, якія прымалі іх у гасцях.
Біскуп Юзаф Станеўскі ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі падзякаваў кс. каноніку Антонію Грэмзу, душпастыру моладзі Гродзенскай дыяцэзіі, за арганізацыю гэтай паездкі, у якой прынялі ўдзел 27 чалавек з нашай краіны.
Kс. Юрый Марціновіч