28 лютага пры касцёле св. Яна Боско ў Саколуве-Падляскім (Польшча) адбылося пахаванне кс. Генрыха Багушэўскага SDB.
У 1990-1997 гг. святар служыў у Гродзенскай дыяцэзіі. Дзякуючы яго служэнню быў пабудаваны новы мураваны касцёл Перамянення Пана ў Крэве (Смаргонскі дэканат) i адноўлены санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах (Ашмянскі дэканат).
Пахавальную Імшу ўзначаліў біскуп Дрогічынскі Тадэвуш Пікус. У ёй удзельнічалі таксама ксяндзы салезіяне з Беларусі.
На заканчэнне літургіі быў зачытаны ліст біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, скіраваны на імя кс. Андрэя Вуйка SDB, інспектара салезіянскай Варшаўскай інспекторыі св. Станіслава Косткі.
Іерарх ад імя ўсіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі пераслаў спачуванне ўсёй салезіянскай сям’і, а таксама родным і блізкім памерлага.
Біскуп Кашкевіч адзначыў, што Касцёл на Гродзеншчыне ўдзячны спачыламу святару, які быў адным з першых салезіянаў, хто пасля атрымання свабоды веравызнання ў нашай краіне прыбыў аднаўляць рэлігійнае жыццё нашых вернікаў.
“Няма сумнення, што сваім руплівым, бескарыслівым святарскім служэннем, апостальскім запалам, а таксама асабістым сведчаннем жыцця ён прычыніўся да маральнага і духоўнага аднаўлення нашых вернікаў”, – адзначалася ў лісце.
Kсёндз Генрых Багушэўскі адышоў у вечнасць 23 лютага ў шпіталі ў Саколуве-Падляскім ва ўзросце 73 гадоў.
Kс. Юрый Марціновіч