25 лютага ў Гродне ў Доме сувязі, дзе раней была зала для перамоваў, адкрыўся музей пошты. Экспанаты для пастаяннай выставы супрацоўнікі Гродзенскай пошты збіралі на працягу некалькіх гадоў.
Асвячэнне новага музея здзейснілі каталіцкі і праваслаўны святары. Каталіцкі Касцёл прадставіў кс. канонік Антоні Грэмза, віцэ-канцлер гродзенскай курыі.
У экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 экспанатаў. Многія з іх з’яўляюцца не проста рэдкімі, а адзінкавымі для Беларусі. На выставе можна ўбачыць стол паштальёна, лісты і фатаграфіі, паштовыя штэмпелі і форму паштальёнаў розных часоў. У асаблівым шэрагу экспанатаў – апарат для продажу канвертаў і паштовак 1970 года і паштовая скрыня для адпраўленняў 1960-х гадоў.
Па экспанатах незвычайнага музея можна прасачыць эвалюцыю пасылак і бандэроляў. Сярод іх – паштовыя скрыні розных часоў.
Kс. Юрый Марціновіч