25 лютага ў будынку Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася пастырская сустрэча святароў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі.
На сустрэчы сабраліся святары, каб выслухаць канферэнцыі, разам адараваць Найсвяцейшы Сакрамэнт і цэлебрававаць са сваімі біскупамі Эўхарыстыю.
З канферэнцыяй да прысутных звярнуўся кс. Ян Сарэла, духоўны айцец семінарыі. На парозе Вялікага посту святар заахвоціў да мабілізацыі свайго духоўнага жыцця, каб быць здольнымі весці іншых да Хрыста. “Чым больш нашага чалавечага “я”, тым менш у нас “я” Хрыста Пана”, – дадаў кс. Сарэла.
Па яго словах, кожны святар павінен чэрпаць сілы да штодзённага служэння з блізкасці з Езусам. “Наша жыццё і служэнне без Хрыста, Найвышэйшага Святара, будуць бясплённымі, а стануць плённымі толькі з Ім”, – заўважыў духоўны айцец семінарыі, падкрэсліваючы, што духоўныя сілы трэба нястомна чэрпаць на каленях перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і з адкрытым Евангеллем.
Вянцом сустрэчы была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх заклікаў усіх маліцца за нядаўна спачылага кс. Генрыха Багушэўскага SDB, які з вялікай руплівасцю служыў на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі – аднавіў санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы засмучаных у Барунах і пабудаваў мураваны касцёл Перамянення Пана ў Крэве.
У гаміліі дапаможны біскуп дыяцэзіі Юзаф Станеўскі падзяліўся сваімі разважаннямі пасля 34-х Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў Панаме. Ён прыгадаў важныя словы Святога Айца Францішка, скіраваныя да ўдзельнікаў гэтага форуму.
“Папа перасцярог моладзь, а таксама і нас, каб не думалі, што місіяй, пакліканнем, а нават і жыццём маладога чалавека з’яўляецца абяцанне толькі на будучыню і няма нічога агульнага з сённяшнім днём”, – сказаў іерарх.
Звяртаючыся да святароў, біскуп адзначыў, што “патрэбна багацце слухання паміж пакаленнямі, багацце абмену і каштоўнасць прызнання, што мы маем патрэбу адзін у адным, што павінны імкнуцца ствараць каналы і прастору, у якіх трэба ўключацца ў мары пра заўтрашні дзень і ў яго будаўніцтва ўжо з дня сённяшняга”. Гэтае будаўніцтва, па словах іерарха, павінна адбывацца не ў ізаляцыі, а разам, утвараючы супольную прастору, за што належыць змагацца
Біскуп пажадаў у час Вялікага посту асабліва памятаць пра маладых людзей, “ужо сёння, таму што заўтра яны не будуць мець у нас патрэбу”.
Сустрэча завяршылася аб’явамі гродзенскай курыі пра актуальныя і надыходзячыя падзеі ў дыяцэзіі, а затым супольным абедам.
Kс. Юрый Марціновіч
Фота: Уладзіслаў Малышка, семінарыст