17 лютага ў араторыі св. Яна Боско пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася спартландыя для дзяцей пад назвай “Зімовыя старты”.
Свята распачалося св. Імшой, падчас якой дыякан Артур Ляшнеўскі SDB прапанаваў прысутным паразважаць над тым, што чалавеку патрэбна для сапраўднага шчасця. Дыякан адзначыў, што калі чалавек насычаецца чытаннем Святога Пісання і ўдзелам у сакрамантах, тады яго жыццё сапраўды будзе шчаслівым.
Пасля св. Імшы дзеці прынялі ўдзел у цікавых спаборніцтвах, дзе кожны мог паказаць сваю сілу, спрытнасць, хуткасць і кемлівасць. У гэтым удзельнікам спартландыі дапамагалі адмысловыя героі.
Прысутныя былі падзелены на чатыры каманды і, прымаючы ўдзел у эстафетах, дзяліліся адзін з адным станоўчымі эмоцыямі і добрым настроем.
Пасля эстафет прысутных чакала "слоўка", падчас якога было падкрэслена, што вельмі важна быць у адзінстве з бліжнімі, калі мы разам з імі хочам дасягнуць у жыцці добрых вынікаў, бо менавіта ў адзінстве моц.
Свята скончылася малітвай і салодкім пачастункам.
Паводле sdb.by