16-17 лютага адбыліся чарговыя дні духоўнага аднаўлення для членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў (ADMA). Разам з духоўным кіраўніком с. Веранікай Блізнюк FMA група наведала дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Воранаўскі дэканат).
Сустрэча распачалася канферэнцыяй на тэму “Споведзь”. Сястра Вераніка прапанавала паразважаць над тым, як чалавек ставіцца да сакрамэнту пакаяння, як выкарыстоўвае гэты неацэнны дар Пана Бога: “Чым глыбейшы дыялог чалавека з Богам, тым мацней адчуваецца грэх. Сакрамэнт пакаяння павінен прывесці да аб’яднання чалавека з Айцом”. Духоўны кіраўнік звярнула ўвагу жанчын на тое, што неабходна асцерагацца адчаю, сораму перад людзьмі, сораму перад святаром, а таксама памятаць, што знакам Божай міласэрнасці можа быць і заўвага, выказаная з любові да чалавека.
Адным з абавязкаў членаў Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў з’яўляецца ружанцовая малітва. У гэты дзень словы “Вітай, Марыя…” гучалі на вуліцы каля старажытнай тракельскай святыні. Кожная жанчына мела вельмі моцную надзею на тое, што ўсе інтэнцыі, выказаныя ў санктуарыі, Маці Божая пачула.
Наступным крокам было супольнае чуванне групы ў касцёле, падчас якога пры дапамозе св. Тэрэзы Авільскай, св. Францішка Сальскага, ап. Мацвея i пры падтрымцы сястры Веранікі Блізнюк FMA разважалі аб малітве, аб неабходнасці малітвы індывідуальнай і супольнай у жыцці кожнага чалавека.
У канцы першага дня члены Асацыяцыі Марыі Успамогі Хрысціянаў сабраліся разам з парафіяльнай супольнасцю з Тракеляў на Эўхарыстыі. Кожную суботу – дзень, прысвечаны Маці Божай, – пробашч парафіі, кусташ санктуарыя кс. Юрый Бяганскі моліцца ў інтэнцыях пілігрымаў. Гэта стала вялікай радасцю для членаў ADMA са Смаргоні: вельмі шмат інтэнцый было складзена на рукі кс. Юрыя Бяганскага, які паабяцаў усё перадаць Пані Тракельскай.
Нядзеля распачалася супольнай Імшой, а затым с. Вераніка Блізнюк пазнаёміла жанчын са Смаргоні з постаццю маладой італьянкай з Рыма Кьярай Корбэлла, якая адышла ў дом Айца ў 2012 годзе. Было прапанавана паразважаць над яе жыццём, над тым, як яна адносілася да сваіх дзяцей, да жыццёвых цяжкасцяў. Кожная ўдзельніца канферэнцыі, нават тая, якая яшчэ не мае дзяцей, дзякуючы ласцы Пана Бога магла знайсці ў жыцці гэтай маладой італьянкі адказы на свае асабістыя пытанні.
Акрамя сапраўднага, сур’ёзнага духоўнага аднаўлення гэтыя дні сталі часам сямейнага адпачынку, пранікнёных размоў і жартаў, часам, дзе было месца і слязам ад смеху, і слязам ад горкіх успамінаў, часам, калі можна было гаварыць, не саромеючыся, калі прыгатаванне вячэры – у радасць, а ранішняя кава – не на бягу, а разам з блізкімі людзьмі.
Наталля Субко, старшыня ADMA у Смаргоні