12 лютага дэлегацыя вернікаў парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі (Астравецкі дэканат) прыняла ўдзел у пахаванні кс. Казіміра Акушкі, свайго земляка, які апошнія 16 гадоў быў пробашчам парафіі Святой Тройцы ў Плюсах (Віцебская дыяцэзія). Дэлегацыю ўзначаліў пробашч гудагайскай парафіі а. Казімір Мараўскі OCD.
Ксёндз Казімір Акушка нарадзіўся 21 кастрычніка 1959 г. у в. Паляны, якая належыць да парафіі ў Гудагаі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 19 мая 1991 г. з рук біскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Гродне.
Пахавальную Імшу цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які таксама выказаў удзячнасць дэлегацыі з Гродзенскай дыяцэзіі за ўдзел у гэтым жалобным набажэнстве. Прысутнічалі біскуп Кірыл Клімовіч і шматлікае духавенства.
Ксёндз Казімір Акушка адышоў у вечнасць 9 лютага. У Віцебскай дыяцэзіі ён працаваў у парафіях у Варапаеве, Празароках, Мёрах, Плюсах, Дзісне, Новым Пагосце; абслугоўваў парафіі ў Шаркаўшчыне, Чарневічах, Дунілавічах і Лучаі.
Tрэба адзначыць, што з парафіі, дзе апошнія гады служыў кс. Акушка, паходзіць найстарэйшы на сённяшні дзень святар у Беларусі – кс. прэлат Юзаф Трубовіч. Ксёндз Трубовіч з 1999 г. служыць у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
Kс. Юрый Марціновіч