11 лютага, калі ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Сусветны дзень хворага, парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне арганізавала для ўсіх людзей пажылога ўзросту, хворых і церпячых парафіяльны Дзень хворага.
У гэты дзень, калі адзначаецца таксама літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі з Люрда, парафіяльная святыня ў Сапоцкіне стала своеасаблівым Люрдам – месцам чакання святла і заступніцтва Маці Божай. Хоць там няма цудоўнай крыніцы і грота, дзе Беззаганная Марыя размаўляла з маленькай Бэрнадэтай, але можна было адчуць матчыну цеплыню Яе сэрца і быць упэўненым, што Яна клапоціцца аб людзях, бо з’яўляецца Маці для ўсіх вучняў Пана Езуса.
Касцёл быў напоўнены шматлікімі пажылымі і хворымі людзьмі, якія былі прывезены туды на спецыяльна замоўленых аўтобусах. Часта іх падвозілі суседзі. У гэты дзень усе стараліся, каб як мага больш людзей, закранутых хваробай, маглі ўдзельнічаць у літургіі. Як прызнаваліся многія з іх, самі яны не былі ў стане прыйсці ў касцёл. А для многіх з іх удзел у парафіяльным дні хворага – адзіная нагода ў год быць у святыні.
Урачыстую святую Імшу ўзначаліў кс. Юрый Марціновіч, адказны за сродкі масавай інфармацыі Гродзенскай дыяцэзіі. У гаміліі кс. Антоні Абухоўскі, пробашч парафіі, падкрэсліў, што гэта асаблівы дзень, калі “ў цэнтры ўвагі мы ставім вас, якія з даверам даручаюць сябе людзям, што служаць вам дапамогай”.
Па словах пробашча, калі ён адведвае хворых на тэрыторыі сваёй парафіі з сакрамэнтальнай паслугай, многія з іх у знак удзячнасці цалуюць руку святара.
“У гэты дзень трэба было б укленчыць перад вамі і пацалаваць вашы спрацаваныя рукі, якія перадалі веру наступным пакаленням, прайшлі праз бурлівую гісторыю лёсаў і заўсёды з верай трымаюць ружанец”, – сказаў кс. Абухоўскі.
Ён падзякаваў усім, каму не чужое цярпенне і боль, за малітвы, якія яны штодзённа ўзносяць Богу ў інтэнцыі Касцёла і ўсяго свету.
Падчас Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт намашчэння хворых. Вернікі з вялікай надзеяй прымалі гэтую Божую ласку, якая выражалася праз намашчэнне чала і рук святым алеем, каб у хваробе не страціць веры ў Бога і вечнае жыццё.
На заканчэнне літургіі пробашч парафіі даверыў Богу праз заступніцтва Маці Божай, якую называюць у Ларэтанскай літаніі “Аздараўленнем хворых”, церпячых людзей, просячы, каб Яна дапамагла ім перажываць свой досвед у еднасці з Езусам і падтрымлівала тых, хто імі апякуецца.
Святар падзякаваў усім, хто дапамог арганізаваць гэтую падзею ў парафіі. Асаблівая падзяка была выказана сёстрам законным з супольнасці Дачок Маці Божай Балеснай (серафіткі), якія з вялікай адданасцю і прысвячэннем атачаюць клопатам штодзень усіх пажылых і хворых, што пражываюць на тэрыторыі парафіі.
Хворыя, выходзячы са святыні, атрымалі ў падарунак шакалад і паштоўкy з напісанымі словамі падтрымкі, якую падрыхтавалі дзеці і моладзь сапоцкінскай сярэдняй школы.
Парафіяльны дзень хворага ў Сапоцкіне, які быў арганізаваны ўжо сёмы год запар, стаў добрай нагодай для ўсіх прыгадаць сабе тую праўду, што жыццё чалавека, на ўзор Езуса, атрымлівае найвышэйшы і канчатковы сэнс, калі становіцца бескарыслівым дарам для іншага.
Сённяшні свет хоча жыць адной вялікай пахвалой эгаізму, самарэалізацыі, узірання ў сябе, у тое, што хацелася б дасягнуць любым коштам, не зважаючы на тое, што адбываецца з іншымі. Не такому стылю жыцця, не такім паводзінам вучыў усіх Пан Езус, калі выходзіў першы на сустрэчу з чалавечай бядой і няшчасцем, фізічнымі ці духоўнымі. Кожны дзень свайго існавання на зямлі Ён прысвячаў сябе іншым, навучаючы і аздараўляючы, чынячы дабро. Кожны дзень Ён даваў сябе як дар.
Ніводны чалавек, якога Бог ставіць на нашым жыццёвым шляху, не можа стаць нам абыякавым. Служэнне хворым, патрабуючым, адкінутым на ўзбочыну жыцця, тым, якія не могуць справіцца са штодзённасцю, з’яўляецца істотнай часткай нашага жыццёвага паклікання. Таму трэба добра зразумець гэтае пасланне і споўніць заданне быць добрым самаранінам.
Галоўнай думкай сёлетняга 27-га Сусветнага дня хворага былі словы з Евангелля паводле Мацвея – “Задарма атрымалі, задарма давайце”.
JM