Skip to main content

Музычны гурт “Боско-бэнд” выступіў з канцэртам у Дзятлаве

wystup sdb 23 лютага ў зале раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве адбыўся канцэрт музычнага гурта “Боско-бэнд”. Гурт, які складаецца з дзяцей і моладзі, завітаў з парафіі Святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.

Культурнае мерапрыемства, якое сабрало шмат удзельнікаў, было арганізавана мясцовай парафіяй Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Яно было прысвечана святому Яну Боско, літургічны ўспамін якога прыпадаў на апошні дзень студзеня.

Святы Ян Боско – асаблівы заступнік дзяцей і моладзі. Для салезіянскай сям’і яго літургічны ўспамін – вельмі важны дзень, калі яна дзякуе Богу за свайго апекуна.

wystup sdb 1

У дзятлаўскай парафіі шмат гадоў служаць ксяндзы салезіяне, якія жадаюць рэалізаваць харызму свайго заснавальніка св. Яна Боско, які належыць да ліку выбітных выхаваўцаў. Як добры пастыр ён паказваў маладым людзям праўдзівае, міласэрнае аблічча Бога. Уся яго пастырская руплівасць была прадыктавана тым, каб чалавек выхоўваў у сабе адносіны шчырага дзяцінства.

На заканчэнне канцэрту, які быў добрай нагодай прыгадаць навучанне св. Яна Боско, які перасцерагаў, каб кожны дзень не губляць з поля бачання Бога і бліжняга, усім гасцям і ўдзельнікам падзякаваў кс. Здзіслаў Пікула SDB. Святар выказаў радасць ад таго, што такім чынам вернікі атрымалі магчымасць перажыць дзень свайго духоўнага апекуна.

Kс. Юрый Марціновіч