Skip to main content

Біскуп Кашкевіч благаславіў будову літоўскага консульства ў Гродне

konsulstwa 327 лютага біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч благаславіў будову будучага генеральнага консульства Літвы ў Гродне. Новае консульства будзе ўзведзена ў цэнтры горада на вул. Васілька.

На ўрачыстасці сабраліся госці, запрошаныя літоўскім бокам. Прысутнічалі Надзвычайны пасол Літоўскай Рэспублікі ў РБ Андрус Пулокас, Генеральны консул Літвы ў Гродне Генадзіюс Мяцкаліс, мясцовыя ўлады. Таксама былі прысутныя вернікі літоўскай каталіцкай супольнасці Гродна, для якіх кожную нядзелю ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя пробашч кс. канонік Ян Кучынскі цэлебруе Імшу на літоўскай мове.

У гэты дзень у аснову будучага консульства была закладзена капсула са зваротам да нашчадкаў. У звароце адзначаецца: “Тыя, хто сустракаецца тут, будуць умацоўваць традыцыі нашых народаў і ствараць добрасуседскія адносіны паміж Літвой і Беларуссю”.

Будаўніцтва консульства пачалося ў кастрычніку мінулага года. Будуць узведзены два будынкі: у адным размесціцца непасрэдна само консульства, а ў другім будзе знаходзіцца жылы блок з канферэнц-залай.

Новы будынак злучыць як рысы сучаснай архітэктуры, так і нацыянальныя матывы, характэрныя для літоўскага будаўніцтва. Будуць выкарыстаны таксама элементы, якія імітуюць даўніну.

Завяршыць будаўніцтва плануецца да лютага 2020 г.

Кс. Юрый Марціновіч