Skip to main content

Смаргонскі “Савіо-клуб” правёў духоўны адпачынак у Лебедзеве

sdb lebedzewa 22 і 3 лютага хлопцы і дзяўчаты “Савіо-клуба”, што дзейнічае пры парафіі Св. Міхала Арханёла ў Смаргоні, мелі магчымасць адпачыць і ўзбагаціцца духоўна ў Лебедзеве (Маладзечанскі раён). Гэтыя два дні сталі для іх добрай нагодай, каб пабыць разам, лепш пазнаць адзін аднаго, а таксама пазнаёміцца з дэвізам Салезіянскай сям’і на 2019 год: “Святасць таксама і для цябе”.

Першы дзень распачаўся св. Імшой, пасля якой “савікі” разам з аніматарамі, с. Ірынай Барцэвіч FMA і с. Юліяй Клявец FMA адправіліся ў Лебедзева. За супольным абедам аніматары прадставілі дзецям правілы пражывання ў доме, у якім яны будуць жыць два дні, а таксама размеркавалі абявязкі. Таксама “савікам” неабходна было адказаць на пытанне “Для чаго я прыехаў(ла) сюды?”, каб атрымаць свядомасць прабывання з “Савіо-клубам” у гэтым месцы ў гэты час. Нягледзячы на даволі мокрае надвор’е, радасна прайшлі снежныя гульні на вуліцы.

sdb lebedzewa 1

Галоўнай тэмай першага дня стала “Формула святасці”. Для ўдзельнікаў сустрэчы былі падрыхтаваны тры гульні, якія больш падрабязна раскрывалі тры пункты формулы – “радасць”, “дапамога”, “абавязкі”. Акрамя таго, дзецям было прапанавана паўдзельнічаць у турніры па настольнаму футболу з падарункамі за прызавыя месцы. Вечарам сабраныя паглядзелі фільм “Цуд” на вялікім экране. Па салезіянскай традыцыі дзень быў завершаны трыма “Вітай, Марыя”.

Другі дзень распачаўся падрыхтоўкай да нядзельнай св. Імшы ў мясцовым касцёле, а затым “савікі” перайшлі да абмеркавання фільма. Таксама ўспомнілі ў гэтым кантэксце і жыццё святога Дамініка Савіо, які з’яўляецца галоўным прыкладам для кожнага ўдзельніка клуба. Асабліва звярнулі ўвагу на яго моцную сувязь з Богам і сапраўдную дапамогу патрабуючым. Далей дзецям былі прапанаваны урыўкі з жыцця святога Дамініка Савіо і дадзена заданне паставіць невялічкія сцэнкі на іх падставе. Дзеці таксама падзяліліся сваімі меркаваннямі, распавядаючы, якімі якасцямі павінен валодаць святы.

Пасля супольнага абеда і заключнай малітвы ўсе удзельнікі “Савіо-клуба” падзякавалі гаспадарам гасціннага дома і развіталіся з надзеяй на хуткую новую сустрэчу.

Паводле sdb.by