4 лютага ў Гродне адбылася сустрэча законных сясцёр і айцоў, якія нясуць душпастырскае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. Сустрэча была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаецца з волі Святога Айца Яна Паўла ІІ ужо 23-і раз у Каталіцкім Касцёле 2 лютага.
Сустрэча пачалася ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкім), дзе як адна сям’я сабраліся законныя айцы і сёстры, якія належаць да розных ордэнаў, супольнасцяў і інстытутаў кансэкраванага жыцця. Яны разам дзякавалі Богу за дар, якім з’яўляецца манаскае жыццё для паўсюднага Касцёла, нашага лакальнага Касцёла, саміх кансэкраваных асобаў і ўсяго свету.
У межах сустрэчы прысутныя выслухалі канферэнцыю, з якой выступіў а. Андрэй Урублеўскі CSsR, удзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, а кульмінацыяй была святая Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падтрымаць малітвай усіх кансэкраваных асобаў дыяцэзіі прыбылі шматлікія жыхары горада Гродна. Для іх гэта была таксама нагода малітоўна падзякаваць законным айцам і сёстрам за іх жыццё, пакліканне і ўдзел у місіі Касцёла, за сведчанне веры і любові да Хрыста, за іх творчую прысутнасць і ўклад у справу евангелізацыі, якую яны здзяйсняюць сярод вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі.
На пачатку літургіі біскуп Кашкевіч благаславіў запаленыя грамніцы, а затым праз катэдру вырушыла працэсія кансэкраваных асобаў.
У гаміліі біскуп Гродзенскі адзначыў, што праз прыняцце манаскіх абяцанняў кансэкраваныя асобы прысвячаюць саміх сябе Богу, складаюць у ахвяру ўсё сваё жыццё, каб яшчэ лепш і больш верна служыць Касцёлу і чалавеку.
“Найперш жа кожны законны брат і сястра з’яўляецца для свету ўзнёслым і вельмі патрэбным знакам”, – дадаў іерарх.
Па словах пастыра Касцёла на Гродзеншчыне, сучасны свет патрабуе прысутнасці законнікаў, чыё жыццё часта звычайнае, можа, часам нават незаўважнае ў бегу штодзённых спраў, але з’яўляецца незвычайнай надзеяй для тых, хто шукае адказаў ці рашэнняў у сваім жыцці.
Іерарх выказаў словы ўдзячнасці у іх адрас за нястомную малітоўную падтрымку, якую яны аказваюць Касцёлу і робяць гэта велікадушна і бескарысліва, з патрэбы сэрца, днём і ноччу, кожны дзень.
Ён падзякаваў таксама за вялікі ўдзел у душпастырства дзяцей, моладзі, дарослых, хворых і церпячых і ўсіх, сярод якіх кансэкраваныя асобы жывуць. “Гэта нябачная, але вельмі паспяховая падтрымка – унутранае багацце Касцёла, яго вечны духоўны набытак”, – дадаў біскуп.
Па словах іерарха, разнастайнасцю харызмаў і культываваных манаскіх традыцый яны ўзбагачаюць лакальны Касцёл. “Дзякуючы вашай прысутнасці ў нас ёсць магчымасць пастаянна вучыцца і расці ў еднасці і разнастайнасці”, – сказаў ён.
Біскуп пажадаў, каб Езус Хрыстус, за якім яны “пайшлі шляхам евангельскага радыкалізму, ажно да поўнага дару з сябе”, быў для іх заўсёды “Правадніком, адзіным Настаўнікам і найлепшым Сябрам”.
Падчас святой Імшы ўсе кансэкраваныя асобы з запаленымі грамніцамі ў руках аднавілі манаскія абяцанні: чыстасці, убоства і паслухмянасці.
“Прымі, Божа, Ойча любові і вялікай міласэрнасці, гэту нашу адданасць і прысвячэнне. Няхай заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, нашых апекуноў і заснавальнікаў умацуе нас Тваёю ласкай, каб мы, свята жывучы ў гэтым свеце, дасягнулі вечнага шчасця”, – маліліся законныя сёстры і айцы.
Такім чынам яны быццам нанова аднавілі сваю любоў да Бога, які кліча іх быць для іншых праваднікамі, уносіць Яго супакой, святло і святасць у жыццё, якое пагружана ў змрок свету. Аднаўляючы абяцанні, яны запэўнілі, што і далей будуць з вялікай руплівасцю служыць Касцёлу і ўсім вернікам.
Tрадыцыйны Дзень кансэкраванага жыцця стаў добрай нагодай для законных сясцёр і айцоў стаць з даверам перад Тым, хто іх нястомна благаслаўляе і каму яны ў чарговы раз даручылі свае душы і ўсе справы, інтэнцыі, якія нясуць у сэрцы. Бо Бог ніколі не забывае пра чалавека, таму што – як кажа псальміст – “ведае, з чаго мы паўсталі”, і будзе пастаянна падтрымліваць усіх далей, “бо Яго ласка вечная для Яго шанавальнікаў”.
У Гродзенскай дыяцэзіі сёння існуе 14 мужчынскіх ордэнаў і манаскіх супольнасцяў. Жаночых – 21, у тым ліку 5 бесхабітовых (сёстры законныя носяць не хабіт, а звычайную вопратку). Ёсць таксама некалькі кансэкраваных удоваў і дзеваў.
Кс. Юрый Марціновіч
Фота: Ангеліна Марцішэўская