27 студзеня пры гродзенскім пабрыгіцкім касцёле распачаўся цыкл сустрэч па хрысціянскім выхаванні. Першая сустрэча прайшла пад тэмай: "Чаму з дзіцём цяжка?". Адказ на гэтае пытанне давалі псіхолаг Вольга Парада і сямейны кансультант па пытаннях сямейнага жыцця Анжэла Кузікевіч. Падчас сустрэчы бацькі і сужанцы, якія чакаюць нараджэння дзіцяці, маглі пачуць пра прычыны "нядобрага" захавання дзяцей і спосабы рэагавання на яго.
Можна вылучыць некалькі асноўных тэзісаў сустрэчы. Прычынамі "нядобрых" паводзінаў дзяцей часцей за ўсё з'яўляюцца барацьба за ўвагу, супрацьстаянне бацькам, помста, ухіленне. Пры гэтым бацькі часцей за ўсё адчуваюць адпаведна раздражненне, гнеў, крыўду, адчай. У залежнасці ад прычыны "нядобрага" захавання бацькі павінны рэагаваць па-рознаму. Напрыклад, калі дзіця празмерна стараецца звярнуць на сябе ўвагу, трэба стрымліваць сябе і менш на яго рэагаваць, а ў спакойныя моманты праводзіць больш часу разам, размаўляць, штодзень прысвячаць канкрэтна дзіцяці не менш 5-20 хвілін. Калі прычынай дрэнных паводзінаў з'яўляецца барацьба за ўладу, трэба крыху зменшыць кантроль над справамі дзіцяці, даць яму права выбару, дазволіць вучыцца на ўласных памылках. Калі ў адносінах з бацькамі дзіця кіруецца помстай, яны павінны падумаць, чым пакрыўдзілі яго, навучыць не вымяшчаць крыўду на іншых. Калі ў дзіцяці паніжаная самаацэнка, нельга крытываць і шкадаваць яго, трэба хваліць за маленькія поспехі, навучыць даводзіць справы да канца.
Інфармацыя суправаджалася цікавымі прыкладамі з жыцця, вядучым можна было задаць хвалюючыя пытанні. Прысутныя адзначылі, што будуць спрабаваць перанесці атрыманыя веды ў штодзённае жыццё.
Арганізатары плануюць праводзіць падобныя сустрэчы з псіхолагам кожную чацвёртую нядзелю месяца ў 17.00 у кляштары сясцёр назарэтанак пры пабрыгіцкім касцёле. Наступнае спатканне на тэму "Бацькоўскае выгаранне" адбудзецца 24 лютага. Шчыра запрашаем усіх жадаючых, асабліва бацькоў, якія адказна ставяцца да хрысціянскага выхавання сваіх дзяцей.
Ганна Паўловіч